
Афіцына — помнік архітэктуры класіцызму на тэрыторыі палацава-паркавага ансамблю Тышкевічаў у Валожыне. Пабудавана ў 1806 г. у Валожыне, на ўзвышаным беразе р. Валожынка. Размешчана па адрасе пл. Свабоды, 17. Сёння тут размешчаны Валожынскі РАУС.
Пабудавана графам Юзафам Ігнацыем Тышкевічам (1724—1815) па праекце Аўгуста Касакоўскага. Уваходзіла ў ансамбль колішняй Рыначнай плошчы. Разам з палацам і аранжарэяй утварае прамавугольны парадны двор.
Архітэктар знайшоў надзвычай удалае кампазіцыйнае вырашэнне, якім гарманічна аб’яднаны двухпавярховая цэнтральная частка з чатырохкалонным порцікам і бакавыя крылы-карпусы. Стрыманы дарычны ордар, выкарыстаны ў будынку, надаў яму ўрачыстую важкасць, падкрэсленую параднасць. Апрацоўка сцен бакавых аб’ёмаў больш дробная ў параўнанні з лаканічным порцікам. Галоўны акцэнт зроблены на чаргаванні пілястраў з дарычнымі капітэлямі.
Афіцына гэта дакладная копія палаца, размешчанага насупраць. Гэта прамавугольныя ў плане аднапавярховыя будынкі з калідорнай планіроўкай, іх цэнтральныя часткі з мансардамі вылучаныя чатырохкалоннымі дарычнымі порцікамі. Будынкі пастаўленыя на высокім цокальным паверсе, апрацаваным рустам.