Будынак гасцініцы «Бярэзіна» у Бабруйску. Размешчаны па Чангарскай вуліцы, 46, на рагу з вуліцай Карла Маркса.
Першапачаткова гэта была гасцініца «Бярэзіна і Еўрапейская» (што бачна на паштоўках), якую ў 1897 годзе пабудавалі на рагу вуліц Альхоўскай і Скобелеўскай на сродкі буйнога землеўласніка Караля Незабытоўскага, які ў тым жа годзе атрымаў пасаду ганаровага міравога суддзі Бабруйскага павета. Час узвядзення супаў са стратай Бабруйскай крэпасцю стратэгічнага значэння, калі была знята забарона на будаўніцтва мураваных будынкаў па-за крэпасцю.
У народзе за раскошу гасцініцы далі мянушку «Парыж». На першым паверсе гасцініцы да трох гадзін ночы прымаў гасцей гранд-рэстаран «Еўропа». Раскошная зала з летнім садам, ложы, асобныя кабіны, вінны скляпок, більярд, узорная кухня, аркестр і цалкам прымальныя кошты былі асновай папулярнасці гэтай установы. У будынку гасцініцы таксама знаходзілася адно з першых турыстычных агенцтваў таго часу.
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі гасцініца перастала існаваць. У 1920-1930-я гады ў будынку былой гасцініцы размяшчаўся штаб Чангарскай кавалерыйскай дывізіі з 11-й коннай арміі Будзённага. Менавіта гэта дывізія штурмавала ўмацаванні Чангарскага перашыйка падчас разгрому войскаў генерала Урангеля, які засеў у Крыме ў час Грамадзянскай вайны ў Расіі. У 1925 годзе Альхоўская вуліца была названа імем гэтай дывізіі.
У даваенны час будынак заняў НКУС. У сутарэннях былой гасцініцы, верагодна, утрымлівалі, катавалі і расстрэльвалі вязняў.
Падчас Вялікай Айчыннай акупанты стварылі ў гасцініцы гарадскую ўправу гестапа, а пасля вайны будынак быў прыстасаваны пад кватэры камунальнага тыпу для пражывання тэхнічнага складу бабруйскага авіяпалка. І толькі ў пачатку 1980-х гадоў з прычыны аварыйнага стану будынка жыхары дома былі пераселены.
Сёння будынак гасцініцы знаходзіцца ў паўзруйнаваным стане. У 1988 годзе быў распрацаваны праект перабудовы будынка былой гасцініцы пад жылы дом, але праект так і не быў прыняты, а ўжо ў 1990 годзе з’явіўся план рэстаўрацыі будынка, паводле якога тут ізноў мусілі адкрыцца гасцініца і рэстаран.
Крыніцы