Стары будынак хімфака БДУ размяшчаўся па Ленінградскай вуліцы, 12.
Хімічны факультэт у БДУ пачаў сваю працу ў новым будынку ў кастрычніку 1931 года. Корпус хімфака, уваходзіў у цэлы комплекс будынкаў універсітэцкага гарадка БДУ, спраектаваных у канцы 1920-х гадоў у адзіным канструктывісцкім ключы.
Будынак хімфака адносна цэлым перажыў вайну, быў адноўлены і доўга выкарыстоўваўся для адміністрацыйных патрэб універсітэта, але быў знесены ў 2003 годзе.
Забудова ўчастка
У 2018-2020 гадах на паўночна-заходняй частцы тэрыторыі, якую раней займаў навучальны корпус, быў пабудаваны інжынерны корпус 1-га ўчастку 3-й лініі Мінскага метрапалітэна.
З 10.06.2022 па 09.07.2022 праходзіла грамадскае абмеркаванне праекта «Будаўніцтва навучальнага корпуса практыка-арыентаванага навучання БДУ ў граніцах прасп. Незалежнасці – вул. Ленінградскай». Праектам прадугледжвалася будаўніцтва навучальнага корпуса практыка-арыентаванага навучання з добраўпарадкаваннем прылеглай тэрыторыі, арганізацыяй праездаў і парковак. У навучальным корпусе мусілі размясціцца навучальныя аўдыторыі, вытворчыя лабараторыі, шматфункцыянальныя залы для правядзення мерапрыемстваў любога фармату, бібліятэка, кафэ, офісы адкрытага тыпу, адміністрацыйныя памяшканні, санітарна-тэхнічныя і бытавыя памяшканні. Арыентыровачныя тэхніка-эканамічныя паказчыкі: магутнасць — 1 300 чал., (у т.л. навучэнцаў — 1 107 чал.), плошча забудовы — 1 578 м², паверхавасць — 7 (6), колькасць падземных паверхаў — 1, агульная плошча будынка — 10 546 м², будаўнічы аб’ём — 49 233 м³.
Тэлеграм-канал «Спадчына» звярнуў увагу на тое, што згодна з рэгламентамі праекта зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, размешчаных у межах вуліц Бабруйская – Ленінградская – Свярдлова – пр. Незалежнасці ў г. Мінску, зацверджанага ў 2021, на дадзеным участку абмежавана ўзвядзенне будынкаў «акрамя магчымасці аднаўлення корпуса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў паўднёва-ўсходняй частцы зоны рэгулявання забудовы».