Купецкая сінагога — колішняя сінагога ў гістарычным цэнтры Магілёва. Размешчаны па Пажарным завулку, 21.
== Біяграфія ==
Пабудавана ў канцы ХІХ ст. як купецкая сінагога на Паштовым завулку. У лютым 1930 года «па хадайніцтве рабочых і служачых» будынак перададзены пад клуб беспрацоўных, з 1938 г. — таварыству «Спартак». Тут знаходзілася найлепшая ў горадзе на той час спартыўная зала, шырока вядомая гараджанам пад назвай «зала бокса».
У 1957—1958 гады яўрэі горада звярталіся ў Магілёўскі аблвыканкам аб рэгістрацыі яўрэйскага рэлігійнага таварыства, адкрыцці ў Магілёве сінагогі і вяртанні будынка Купецкай сінагогі. Аблвыканкам адхіліў хадайніцтва з прычыны таго, што будынак шмат гадоў выкарыстоўваецца як спартыўны клуб. Сёння ў будынку размяшчаецца Магілёўская абласная спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву прафсаюзаў «Спартак-35».
== Архітэктура ==
Цагляны, двухпавярховы, прамавугольны ў плане будынак, галоўным фасадам выходзіць на чырвоную лінію забудовы Пажарнага завулка. Выкананы па класічнай сінагагальнай схеме. Складаецца з дзвюх частак — аднапавярховай з вялікімі аркападобнымі вокнамі з ліштвамі, і з двухпавярховай галерэяй для жанчын з правага боку з рызалітам і вокнамі меншых памераў з ліштвамі, сандрыкамі і нішамі.
Галоўны фасад аднапавярховай часткі падзелены прафіляваным гзымсам — ніжняя частка аздоблена рустам, на мураваным франтоне паўцыліндрычнае акно, дах двухсхільны. Па верху будынка праходзіць прафіляваны гзымс.
Пасля Другой сусветнай вайны будынак быў значна перароблены — фасад стаў шырэйшы на адно акно, але з захаваннем ранейшай стылістыкі.
== Зноскі ==