Галоўная сінагога — сінагога ў цэнтры горада Століна (Беларусь). Пабудавана ў канцы XVIII ст.
== Гісторыя ==
Сінагога — найстарэйшы мураваны будынак Століна і Столінскага раёна.
Пры сінагозе былі тры цёплыя малельныя дамы (бейт-га-мідрашы), галоўная сінагога не ацяплялася, таму рэгулярныя богаслужэнні праводзілі ў цёплых малельнях.
З-за пажараў будынак неаднаразова перабудоўвалі. Падчас пажару ў 1827 годзе тут згарэла біма і сорак світкаў торы.
Яўрэйскай грамада Століна разам з апошнім цадзікам была знішчана нацысцкімі акупантамі ў 1942 годзе.
== Архітэктура ==
Сінагога збудаваная з цэглы, знаходзіцца ў цэнтры Століна.
З канца XVIII ст. у архітэктуры мураваных сінагог Беларусі назіраецца адыход ад традыцыйнага цэнтрычнага тыпу пабудовы. Сінагогі атрымліваюць рысы свецкіх будынкаў, іх інтэр’ер губляе былую своеасаблівасць. Яскравым прыкладам гэтых змен з’яўляецца Столінская сінагога.
Сінагога ў плане набліжаецца да квадрата, са скошанымі з паўночна-заходняга боку вугламі. Кампактны аб’ём будынка быў накрыты вальмавым дахам з невялікім трохвугольным франтонам над усходняй сцяной. Фасад раздзяляецца на два ярусы гарызантальным поясам і завяршаецца карнізам. Аконныя праёмы ніжэйшага яруса лучковыя, верхняга з паўцыркульным завяршэннем. Унутры сінагога падзяляецца на тры нефы шасцю круглымі калонамі, якія звязаныя аркамі. Пры ўваходзе з паўднёва-заходняга боку быў другі ярус для жанчын. Сцены дэкараваны ў ніжнім ярусе паўкалонамі, у верхнім — адзіночнымі пілястрамі, а таксама фрэскамі, якія імітуюць архітэктурную пластыку. З паўднёва-заходняга боку знаходзіцца тры асобныя уваходы. У сінагозе няма традыцыйнага амбона са слупамі.
Станам на 2017 год дах і фрэскі не захаваліся, будынак моцна пашкоджаны.
Сінагога з’яўляецца адзіным помнікам сінагагальнай архітэктуры пераходнага перыяду ад барока да класіцызму ў Беларусі.
== Зноскі ==