ахеалогія

  • Home
  • ахеалогія
У Пінску на Завальнай вуліцы каля Северскай брамы адшукалі артэфакты XVII стагоддзя і невядомыя пахаванні

У гістарычным цэнтры Пінска падчас рэканструкцыі камунальных сетак на вуліцы Завальнай выяўлены культурны пласт XVII стагоддзя. Археолагі фіксуюць рэшткі даўняй забудовы, бытавыя прадметы і чалавечыя парэшткі, якія сведчаць пра існаванне невядомых раней могілак. Пра ход раскопак паведамляе ТРК «Пінск».

Унікальны тапонім і гарадскія ўмацаванні

Назва вуліцы Завальнай наўпрост адлюстроўвае яе паходжанне — яна сфарміравалася «за валам» гарадскіх умацаванняў. Сёння Пінск — адзіны горад у Беларусі, які захаваў вуліцу з такой гістарычнай назвай (у Міры былая Завальная перайменаваная ў Ленінградскую, у Мінску гістарычная Завальная знікла, а ў 2015 годзе невялікаму праезду вярнулі назву Юрава-Завальная; таксама Завальная вуліца гістарычна існавала ў Вільні).

У XIV—XVIII стагоддзях Пінск меў тры лініі абароны. Завальная вуліца ўзнікла якраз уздоўж трэцяга землянога вала (так званага «астрога»), які ахопліваў тэрыторыю, дзе жылі пераважна рамеснікі. На месцы цяперашняга скрыжавання Завальнай і Зоі Касмадзям’янскай размяшчалася галоўная Паўночная (Северская) брама з пад’ёмным мостам і надбрамнай капліцай, у сутарэннях якой знаходзілася гарадская турма. Абарончыя ўмацаванні пацярпелі падчас вайны 1654—1667 гадоў, а ў ХІХ стагоддзі валы былі канчаткова знівеліраваныя.

<iframe width=”560″ height=”315″ src=”https://www.youtube.com/embed/VIV1h2j7qhs?si=b83cZ-ao8RN-hrgj” title=”YouTube video player” frameborder=”0″ allow=”accelerometer; autoplay; clipboard-write; encrypted-media; gyroscope; picture-in-picture; web-share” referrerpolicy=”strict-origin-when-cross-origin” allowfullscreen></iframe>

Рэшткі Гроцкай вуліцы

Асноўныя земляныя працы, за якімі назіраюць археолагі, ідуць на ўчастку ад вуліцы Зоі Касмадзям’янскай да вуліцы Крупскай (у раёне дзіцячага парку). Навуковы супрацоўнік аддзела археалогіі Інстытута гісторыі НАН Беларусі Сяргей Ліневіч адзначае, што гэтая тэрыторыя пачала шчыльна засяляцца ў другой палове XVII стагоддзя.

На значнай глыбіні даследчыкі выявілі рэшткі драўлянай пабудовы з печчу. У падпечнай яме знойдзена вялікая колькасць артэфактаў: фрагменты керамічнага і шклянога посуду, металічныя вырабы, цвікі і манеты XVII стагоддзя. У ХІХ стагоддзі тэрыторыя сучаснага дзіцячага парку была шчыльна забудаваная, там праходзіла вуліца Гроцкая, якая да нашага часу не захавалася. Знойдзеныя артэфакты дазваляюць удакладніць планіроўку горада таго перыяду.

Невядомыя пахаванні

На скрыжаванні вуліц Завальнай і Спартыўнай з траншэі былі вынятыя чалавечыя парэшткі (фрагмент нагі і сківіца з зубамі). Паводле слоў Сяргея Ліневіча, гэтая знаходка сведчыць пра існаванне на дадзенай тэрыторыі могілак, якія не былі зафіксаваныя на вядомых гістарычных планах горада. Гэты ўчастак раней не падвяргаўся дэталёвым археалагічным даследаванням.

Усе знойдзеныя матэрыялы праходзяць працэдуру апісання. Чакаецца, што бліжэй да зімы артэфакты з Завальнай будуць выстаўленыя ў Музеі Беларускага Палесся.

19 чэрвеня 2026Comments Offахеалогія | Пінск
У Сапоцкіне гарыць касцёл. Амаль у гадавіну апошняга буйнога пажару

Сёння, 14 снежня, каля 7-й гадзіны раніцы прыйшла трывожная навіна з Гродзенскага раёна. У гарадскім пасёлку Сапоцкін загарэўся касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі і Святога Язафата Кунцэвіча. На кадрах з месца здарэння відаць, што агнём ахоплены дах святыні. Пакуль ратавальнікі змагаюцца з полымем, а маштабы пашкоджанняў удакладняюцца, аматары гісторыі са смуткам узгадваюць трагічны лёс гэтага храма, які гарыць ужо не ў першы раз, пра гэта піша тэлеграм-канал «Спадчына» са спасылкай на NewGrodno.by

Гісторыя святыні ў Сапоцкіне, які некалі насіў назву Тэолін, налічвае больш за чатыры стагоддзі. Першы касцёл тут быў заснаваны яшчэ ў 1612 годзе Янам Валовічам як філіяльны храм парафіі Гожа. Аднак шлях мясцовай каталіцкай супольнасці ніколі не быў простым. Пасля паўстанняў XIX стагоддзя, у 1879 годзе, царскія ўлады ліквідавалі парафію, а будынак пазней перадалі праваслаўнаму жаночаму кляштару. Толькі ў разгар Першай сусветнай вайны, у жніўні 1916 года, святыню вярнулі католікам, пасля чаго пачаўся перыяд яе адраджэння і разбудовы, які завяршыўся літаральна перад пачаткам Другой сусветнай вайны.

На жаль, ваеннае ліхалецце пакінула на сценах храма цяжкія шнары. Ужо ў верасні 1939 года савецкія войскі пашкодзілі касцельную вежу і галоўны алтар з абразом Вастрабрамскай Божай Маці. Праз два гады нямецкія войскі падчас наступу давяршылі разбурэнне вежы, а ў ліпені 1944 года ў выніку баявых дзеянняў цалкам згарэў дах касцёла. Тады парафіянам удалося правесці рамонт, але пасля вайны супольнасць на доўгія дзесяцігоддзі засталася без пастаяннага святара.

Сённяшняе здарэнне выглядае як змрочнае містычнае супадзенне, бо пажар адбыўся амаль у гадавіну папярэдняй трагедыі. Роўна 36 гадоў таму без аднаго дня, 15 снежня 1989 года, у касцёле ўжо бушаваў агонь. Гэта здарылася ўсяго праз месяц пасля таго, як біскуп Тадэвуш Кандрусевіч асвяціў новыя вежы і звон. Тады стыхія знішчыла галоўны алтар, на аднаўленне якога спатрэбілася амаль чатыры гады — ён быў нанова асвечаны толькі ў маі 1993 года.

Архітэктурна касцёл у Сапоцкіне ўяўляе сабой трохнефавую базіліку з трансептам, выкананую ў стылі эклектыкі. У яго абліччы гарманічна спалучаюцца элементы готыкі, барока і класіцызму. Галоўны фасад упрыгожаны порцікам з трохвугольным франтонам і дэкаратыўнымі вазамі, а фланкіруюць яго дзве велічныя вежы-званіцы. Сапраўдным сэрцам інтэр’ера з’яўляецца галоўны алтар з абразом Святога Язафата Кунцэвіча пачатку XX стагоддзя, дзе святы паказаны ў поўны рост з крыжам у руцэ.

Застаецца спадзявацца, што і гэтым разам гістарычныя муры вытрымаюць выпрабаванне агнём, а незваротных страт удасца пазбегнуць. «Архіварта» працягвае сачыць за сітуацыяй.

Пажар у касцёле ў Сапоцкіне 14 снежня. Агнём ахоплены дах

Пажар у касцёле ў Сапоцкіне 14 снежня. Дым ідзе праз вежу

 

14 снежня 2025Comments Offкасцёлы | пажары | разбурэнне | Сапоцкін
У Лагойску зносяць стайні пры сядзібе Тышкевічаў. Мясцовыя ўлады марылі пра гэта некалькі гадоў

Знос стайні на тэрыторыі Лагойскай сядзібы Тышкевічаў. Скрыншот відэа тэлеграм-канала «Лагойская манюка».

Відэа са зносам колішняй гаспадарчай пабудовы апублікаваў тэлеграм-канал «Лагойская манюка». На тэрыторыі былой рэзідэнцыі Тышкевічаў бульдозеры руйнуюць гістарычны будынак, які называюць «баракам», а яго драўляныя часткі спальваюць.

Выцягнуты будынак стайняў (54х11 м) размешчаны ў паўночнай частцы былой сядзібы Тышкевічаў, недалёка ад палаца, ад якога застаўся невялікі фрагмент. Побач з ім знаходзіцца таксама будынак лядоўні.

Вялікі палацава-паркавы комплекс на беразе Гайны быў пабудаваны графам Піем Тышкевічам у 1814—1819 гадах у духу навамоднага ампіру. У 1842 г. у лагойскім палацы браты Яўстах і Канстанцін Тышкевічы заснавалі першы на Беларусі музей старажытнасцей, унікальную калекцыю якога пасля вывезлі ў Вільню. За савецкім часам сутарэнні палаца выкарыстоўвалі як вязніцу органы НКУС, а ў канцы вайны будынак падарвалі немцы. У пасляваенны час тэрыторыя парку стыхійна забудоўвалася.

Паводле меркавання супрацоўнікаў мясцовага музея, да якіх звярнуліся аўтары канала, сцены і крыццё стайні, якія цяпер зносяць, не маюць гістарычнай каштоўнасці. Быццам бы з часоў Тышкевічаў захаваўся толькі падмурак будынка, які не будуць зносіць і закансервуюць.

Аднак спецыялісты, да якіх звярнуліся журналісты па каментарый, адзначылі, што знос хутчэй за ўсё — самадзейнасць мясцовых уладаў, якія хочуць прыбраць з цэнтра горада непрывабны будынак, які сапраўды стаў нагадваць барак пасля таго, як яго прыстасавалі пад жытло.

За савецкім часам стайні былі прыстасаваны пад жытло. Будынак аброс мноствам дысгарманічных прыбудоў. Фота: Яндэкс Карты

За савецкім часам стайні былі прыстасаваны пад жытло. Будынак аброс мноствам дысгарманічных прыбудоў. Фота: Яндэкс КартыГэта стала магчымым, бо юрысты Міністэрства культуры ў апошнія гады дамагліся таго, каб рашэнні па работах на ўсіх помніках 3-катэгорыі, да якіх належыць і сядзіба ў Лагойску, прымаліся мясцовымі чыноўнікамі, а не спецыялістамі профільнага ведамства.

У маі 2024 года Міністэрства культуры змяніла склад сядзібы Тышкевічаў, замяніўшы «будынак былой стайні» на «рэшткі падмуркаў і цокаль былой стайні». Гэта было зроблена на падставе рашэння навукова-метадычнай рады пры Мінкультуры, але чым кіраваліся яе члены і хто быў ініцыятарам, невядома.

Знос стайні на тэрыторыі Лагойскай сядзібы Тышкевічаў. Фота: тэлеграм-канал «Лагойская манюка».

На думку спецыялістаў, заявы пра адсутнасць гістарычнай каштоўнасці ў будынка выглядаюць сумнеўнымі.

Па-першае, ніякіх заўваг у сваёй манаграфіі «Старинные усадьбы Минского края» пра аўтэнтычнасць будынка не робіць Анатоль Федарук, вядомы даследчык сядзібнай і паркавай архітэктуры, які б дакладна заўважыў, калі б будынак быў навабудам.

Фрагмент схемы зон аховы сядзібы. 3 — будынак стайні, 4 — лядоўня, 2 — фрагмент палаца.

Па-другое, у 2016 годзе спецыялісты «БелНДІПгорадабудаўніцтва», якія маюць пасведчанне на навуковае кіраўніцтва на гісторыка-культурных каштоўнасцях, вывучылі сядзібу і склалі яе зоны аховы, таксама не заўважыўшы ніякага падвоху са стайняй. Праект быў распрацаваны на падставе гісторыка-архіўных, бібліяграфічных і натурных даследаванняў, аналізу гістарычнай горадабудаўнічай сітуацыі і ландшафту.

Па-трэцяе, на карысць гістарычнасці будынка сведчыць сам яго характар. Гэта будынак, пабудаваны ў тэхніцы «ў шулах», калі бярвенні закідаліся ў пазы вертыкальных мураваных слупоў. Такая тэхніка вельмі распаўсюджана ў сядзібным будаўніцтве XIX — пачатку XX стагоддзя, але зусім нехарактэрная для калгаснага савецкага будаўніцтва.

Руст на слупах шулах можа казаць пра тое, што не толькі падмурак будынка быў аўтэнтычным.

Самі слупы таксама звяртаюць на сябе ўвагу сваёй дэталіроўкай, пра якую б не задумваліся савецкія будаўнікі. На фота, дзе ў час дэмантажу з іх адляцелі кавалкі тынку, бачны не толькі рэшткі карнізных паяскоў, але і рустоўка — дэкаратыўная імітацыя вялікіх каменных блокаў.

Цяжка ўявіць, што на гаспадарчай пабудове ці жылым «бараку» ў невялікім райцэнтры рабілі б рустоўку за савецкім часам.

Акрамя таго ў праекце зон аховы на тэрыторыі, дзе стаіць будынак стайні, не прапісаны дазвол на дэмантаж чаго-небудзь. Але няма і прамой забароны. Відаць, карыстаючыся гэтай няпэўнасцю, мясцовыя чыноўнікі самі сабе дазволілі дэмантаж графскіх стайняў.

Усё, што засталося ад палаца Тышкевічаў у Лагойску. Падножжа працягвае разбураць эрозія, але, здаецца, чыноўнікам няма да гэтага аніякай справы. Фота: Яндэкс Карты

Таксама тэлеграм-канал «Спадчына» нагадаў, што яшчэ ў 2021 годзе свядомыя грамадзяне, заўважыўшы занядбаны стан стайняў былога палаца Тышкевічаў у Лагойску,  патэлефанавалі на гарачую лінію райвыканкама. У выканкаме паведамілі, што хочуць знесці будынак, за што даўно змагаюцца з Міністэрствам культуры, бо не бачаць у ім нічога каштоўнага. Цяпер, відаць, мясцовыя чыноўнікі дамагліся ад Мінкультуры таго, пра што марылі ўжо некалькі гадоў.

Грошы на знос будынка, які стаяў у цэнтры горада і нікому не замінаў, чыноўнікі знайшлі. А на тое, каб умацаваць два апошнія фрагменты палаца Тышкевічаў, чые падножжы ўжо моцна разбурыла эрозія, а значыць, што ў хуткім часе можа не стаіць і іх, не.

26 снежня 2024Comments Offгаспадарчыя пабудовы | знішчэнне | Лагойск | стайні | Тышкевічы
У Полацку ў час рэканструкцыі пажарнай часці знішчылі фасад, які абяцалі зберагчы

На новых фотаздымках з цэнтра горада бачна, што замест гістарычнай фасаднай цяпер узводзяць з цэглы цалкам новую. Пажарная часць па вуліцы Энгельса, 8, якая была перабудаваная з былой махорачнай фабрыкі Рыўліна, сёння ўтварае невялікі квартал у цэнтры горада.

Будынак з’яўляецца часткай гістарычнага цэнтра Полацка, унесенага ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. У канцы 2023 года яго пачалі рэканструяваць.

На сайце райвыканкама была апублікавана справаздача аб ацэнцы ўздзеяння аб’екта на навакольнае асяроддзе. Там гаварылася, што будынак, дзе размешчана пажарная частка, непрыдатны для далейшай эксплуатацыі: па выніках абследавання, 75% будынкаў падлягае зносу. Большасць унутраных сцен у выніку была знесена, станам на вясну 2024 года ад крыла ўздоўж вуліцы Энгельса заставалася толькі адна фасадная сцяна, якая была ўзятая ў металічны каркас. Але ў выніку знеслі і яе.

16 снежня 2024Comments Offгістарычная забудова | знішчэнне | пажарныя часці | Полацк | рэканструкцыя
Прывялі да ладу старыя каталіцкія могілкі на Серафінавай гары пад Рудзенскам

Католікі з Мар’інай Горкі і Рудзенску прывялі ў парадак могілкі на Серафінавай гары каля вёскі Суцін Пухавіцкага раёна. Гэта сапраўдная па беларускіх мерках гара, паміж вяршыняй, на якой знаходзяцца могілкі і калісьці стаяў драўляны касцёл Святога Антонія, і ракой Талькай, якая яе агібае, каля 30 м перападу (9-павярховы дом).

Актывісты расчысцілі старыя каталіцкія надмагіллі, намалявалі нанова літары на іх, у тым ліку надмагіллі Уладзіслава Азямблоўскага (пам. 1900) і Казіміра Аколава (1847-1914).

Тэхнікай выцягнулі велізарны камень, які, як кажуць, ляжаў каля касцельнай сцяны. Гэта надмагілле Антонія Рудзіцкага, суддзі Барысаўскага павета, які памёр ў 1851 годзе ва ўзросце 85 гадоў, і ягонай 22-гадовай дачкі Станіславы з Рудзіцкіх Бербашовай (1832-1854).

16 снежня 2024Comments Offаднаўленне | каталіцкія могілкі | могілкі | Суцін
У 2024 годзе ў Дзяржаўны спіс дадалі рэкордна малую колькасць помнікаў архітэктуры

Як піша тэлеграм-канал «Спадчына», з цэлага шэрагу матэрыяльных нерухомых каштоўнасцей, якімі ўлады ў красавіку абяцалі папоўніць Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў цягам 2024 года, у выніку амаль нічога не было ўключана.

У Гомельскай вобласці абяцалі дадаць у Дзяржспіс руіны царквы ў вёсцы Свержань Рагачоўскага раёна, месца былога замка Сапегаў у вёсцы Антонаў Нараўлянскага раёна, у Гродзенскай – будынак Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра і гістарычную частку Слоніма, у Магілёўскай – дапоўняць яшчэ 15 будынкамі новаствораны гістарычны цэнтр Бабруйска, у Віцебскай – касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Параф’янаве Докшыцкага раёна, пабудаваны ў пачатку XX стагоддзя ў стылі неабарока, і касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі 1824 года ў неараманскім стылі ў Браславе.

Толькі адзін аб’ект, дом па праспекце Незалежнасці, 27А ў Мінску, сапраўды ў маі 2024 года набыў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Гэта адзіны будынак, які застаўся ад Юр’еўскай вуліцы.

Дом па праспекце Незалежнасці, 27А ў Мінску

Таксама ахоўны статус быў прысвоены таксама рэшткам касцёла Унебаўзяцця Прасвятой Дзевы Марыі ў вёсцы Дубрава Маладзечанскага раёна, пра які ў красавіку ўлады не згадвалі.

Атрымліваецца ўсяго 2 помнікі архітэктуры за год — рэкордна нізкі паказчык за ўсе гады. «Спадчына» справядліва задаецца пытаннем: а хто вінаваты?

Рэшткі касцёла Унебаўзяцця Прасвятой Дзевы Марыі ў вёсцы Дубрава Маладзечанскага раёна

Рэшткі касцёла Унебаўзяцця Прасвятой Дзевы Марыі ў вёсцы Дубрава Маладзечанскага раёна

7 снежня 2024Comments Offахова | гістарычная забудова | Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей | Дубрава | касцёлы | Мінск
Сядзібу Грабніцкіх у Арэхаўне забралі ў былых уласнікаў і зноў прадаюць за бесцань

Папярэдні гаспадар не здолеў нічога зрабіць з гістарычнай сядзібай XIX стагоддзя. Цяпер сядзібны дом у Арэхаўне Ушацкага раёна зноў выстаўлены на продаж, пра гэта паведамляе «Віцебскаблмаёмасць».

Сядзіба была пабудавана ў 1840-я прадстаўнікамі роду Грабніцкіх у стылі позняга класіцызму. Апошнімі яе ўладальнікамі перад рэвалюцыяй сталі сыны знакамітага батаніка Адама Грабніцкага-Дактаровіча. Уезд у сядзібу ўпрыгожвала ліпавая алея, сонечны гадзіннік і маляўнічы парк са скульптурамі. У маёнтку Грабніцкіх працавалі палатняная фабрыка, паравы млын, бровар, кузня і конезавод. У 1917 годзе ўладальнікі былі вымушаныя пакінуць сядзібу, дом і гаспадарчыя памяшканні былі разрабаваныя. У 1943-1944 гадах у сядзібным доме размяшчаўся шпіталь 2-й Ушацкай партызанскай брыгады імя Панамарэнкі, пасля вайны — школа. У 1998 годзе будынак на беразе возера Арэхаўна зноў апусцеў і хутка прыйшоў у заняпад: з яго вынеслі ўсё, аж да батарэй і аконных рам.

З 2014 года гісторыка-культурную каштоўнасць безвынікова спрабавалі прадаць за некалькі дзясяткаў тысяч еўра. У ліпені 2020 годзе сядзібу Грабніцкіх нарэшце выкупіла ўсяго за 28,35 рубля прыватнае прадпрыемства «Азёры-Агра», зарэгістраванае ў Мінску, якое займаецца сельскай гаспадаркай і спецыялізуецца на раслінаводстве.

У планах было ўзнавіць ранейшыя інтэр’еры будынкі, сабраць артэфакты для музея, уладкаваць кафэ для гасцей комплексу, але ажыццявіць задуманае не атрымалася.

У 2021 годзе Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры звярнулася да Генеральнай пракуратуры, бо будаўніча-мантажныя і зямельныя працы на сядзібе ў Арэхаўне праводзіліся без узгодненай навукова-праектнай дакументацыі і без зацверджанага праекта зон аховы, што з’яўляецца парушэннем закону.

Галоўнай умовай аўкцыёнаў па продажы гісторыка-культурных каштоўнасцей з’яўляецца тое, што новы ўласнік павінен правесці рамонтна-рэстаўрацыйныя работы за некалькі год. Улетку 2024 года адведзены на гэта чатырохгадовы тэрмін мінуў, а сядзіба нават не наблізілася да аднаўлення.

Сядзіба Грабніцкіх вярнулася ў дзяржаўную ўласнасць. Яе зноў хочуць прадаць за адну базавую велічыню — цяпер гэта 40 рублёў. Пры гэтым «Віцебскаблмаёмасць» ацэньвае рынкавы кошт нерухомасці ў 301 000 рублёў. Ацэнка праводзілася яшчэ ў пачатку вясны. Па ўмовах продажу пакупнік павінен будзе аднавіць сядзібу за тры гады.

7 снежня 2024Comments OffАрэхаўна | аўкцыёны | Грабніцкія | сядзібы
У Мінску ідзе рэканструкцыя будынка Гістарычнай майстэрні імя Леаніда Левіна

Рэканструкцыя будынка па Сухой вуліцы, 25 у Мінску. Фота: тэлеграм-канала «Спадчына»

Рэканструкцыя будынка па Сухой вуліцы, 25 у Мінску. Фота: тэлеграм-канала «Спадчына»

 

У Мінску ідзе рэканструкцыя будынка па вуліцы Сухой, 25, дзе ў час акупацыі знаходзілася схованка, так званая «маліна», для вязняў Мінскага гета.

Сёння тут Гістарычная майстэрня імя Леаніда Левіна. У 2021 годзе «Творчая майстэрня архітэктара Левіна Л.М.» прадставіла на грамадскае абмеркаванне канцэпцыю рэканструкцыі Гістарычнай майстэрні па вуліцы Сухой. Будынак даўно быў аварыйны, і ў частцы яго ўвогуле забаранялася хадзіць з-за небяспекі абвальвання падлогі.

Канцэпцыя рэканструкцыі, распрацаваная архітэктарамі Левінай, Капыловым і Лукічовай, прадугледжвала знос пасляваенных прыбудоў да будынка канца XIX — пачатку XX стагоддзя. Замест іх мусіла ўзнікнуць прыбудова са шкла і каменю, якая б значна пашырыла плошчу Гістарычнай майстэрні. Сцены новай прыбудовы запраектавалі нахіленымі, каб эмацыйна было адчуванне таго, што вайна паставіла на край абрыву многія сем’і і краіны.

У сувязі з падрыхтоўкай да рэканструкцыі Гістарычная майстэрня была закрытая для наведванняў яшчэ ў пачатку лютага 2023 года, але актыўныя будаўнічыя работы былі заўважаныя толькі цяпер, у канцы 2024 года.

5 снежня 2024Comments Offгістарычная забудова | Мінск | музеі | рэканструкцыя | Сухая вуліца (Мінск)
У Полацку рамантуюць помнік Францыску Скарыну

Помнік Францыску Скарыну ў Полацку ў час рэстаўрацыі ўзімуку 2024 года. Фота: Полацкі веснік

Помнік Францыску Скарыну з’яўляецца першым у свеце манументам беларускаму першадрукару, узведзеным у Полацку ў 1974 годзе на плошчы Францыска Скарыны. Аўтары помніка — А. Заспіцкі, А. Глебаў і І. Глебаў. Помнік з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Пра гэта піша «Полацкі веснік».
Сітуацыю пракаментавала начальніца аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Ірына Зенчанкова:

«На гэты момант праводзіцца бягучы рамонт помніка. Будзе заменена пашкоджаная гранітная абліцоўка яго падмурка. Пліты ўжо дэмантаваныя, і ў далейшым яны будуць заменены на новыя. Акрамя таго, будуць праведзены рэстаўрацыйныя работы непасрэдна самога помніка Францыску Скарыну. Рэстаўрацыя ажыццяўляецца пад навукова-тэхнічным суправаджэннем з выкананнем рэкамендацый спецыялістаў. Варта адзначыць, што ў выніку работ, праведзеных для падтрымання помніка ў эксплуатацыйным стане, яго першапачатковы выгляд не зменіцца.»

Сёлета ўжо праведзены бягучы рамонт помнікаў Сімяону Полацкаму, размешчанага на праспекце Францыска Скарыны, і героям Айчыннай вайны 1812 года на плошчы Свабоды. На гэтых аб’ектах, як піша выданне, неабходнасці ў рэстаўрацыі не было.

4 снежня 2024Comments OffПолацк | помнікі | рэстаўрацыя | Францыск Скарына
Неадпаведныя дзверы. Што рабіць?

Беларускія гарады апанавалі пластыкавыя і алюмініевыя дзверы, і адбылося гэта так даўно, што многія не ведаюць (ці не вераць), што можа быць іначай. Прынамсі на гісторыка-культурных каштоўнасцях ёсць заканадаўчыя інструменты, каб змагацца супраць новага пластыку. 

У Кодэкс аб культуры маецца артыкул 109 «Змяненне нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей»:

1. Пры ажыццяўленні дзейнасці на нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях (у тым ліку пры выкананні рамонтна-рэстаўрацыйных і (або) іншых работ), якая можа аказваць уздзеянне на нерухомыя матэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці, не дапускаецца змяненне гэтых гісторыка-культурных каштоўнасцей, за выключэннем навукова абгрунтаванага змянення.

2. Навукова абгрунтаваным змяненнем з’яўляюцца праектныя рашэнні, якія пацверджаны матэрыяламі навукова-даследчых работ і не вядуць да страты існуючых гістарычных частак нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, а таксама аб’ёмна-прасторавых рашэнняў нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей.

Відавочна, што такое змяненне гісторыка-культурнай каштоўнасці, як замена дзвярных запаўненняў на пластыкавыя — немагчыма навукова абгрунтаваць. ПВХ-профілі масава ўвайшлі ў нашае жыццё ў 2000-я гады, тады як самыя «маладыя» помнікі архітэктуры датуюцца 1980-мі гадамі.

Для спрашчэння жыцця грамадзянам, якія наўрад ці ў стане праводзіць самі праводзіць навукова-даследчыя работы ці наймаць для гэтага навуковага кіраўніка, калі ім трэба замяніць старое акно ў сваёй кватэры, у Пастанове Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 16 мая 2013 г. № 384 было прадугледжана палажэнне, што такія работы будуць весціся з улікам варыянтаў запаўненняў аконных і дзвярных праёмаў на фасадах жылых дамоў, якія з’яўляюцца гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі (з указаннем колеру, матэрыялаў і канфігурацыі). Гэтыя варыянты мусілі зацвердзіць мясцовыя ўлады па ўзгадненні з Мінкультуры. Але праз 10 гадоў пасля з’яўляецца Пастановы, можа казаць, што ніякіх варыянтаў ніхто не распрацоўваў, кожнае запаўненне ўзгадняецца асобна.

Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 16 мая 2013 г. № 384:

1¹. Установить, что ремонтно-строительные работы:

1¹.3. по замене заполнений оконных и дверных проемов на фасадах жилых домов, внесенных в Государственный список историко-культурных ценностей Республики Беларусь, выполняются с учетом утвержденных структурным подразделением местного исполнительного и распорядительного органа, осуществляющим государственно-властные полномочия в области архитектурной, градостроительной и строительной деятельности на территории административно-территориальной единицы, администрацией парка, если такие жилые дома расположены на территории индустриального парка, по согласованию с Министерством культуры вариантов заполнений оконных и дверных проемов на фасадах таких жилых домов (с указанием цвета, материалов и конфигурации).

Для тых, хто робіць самавольную замену дзвярных запаўненняў без узгаднення, прадугледжана адміністрацыйная адказнасць. Так, напрыклад, у артыкуле 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях «Нарушение архитектурного решения фасада здания или сооружения» гаворыцца:

Самовольные переоборудование, перекрашивание или иное изменение балконов, лоджий и других архитектурных и конструктивных элементов фасадов жилых домов, иных зданий и сооружений, установка на фасадах, балконах, лоджиях, крышах спутниковых и иных антенн, а равно непринятие мер по поддержанию в надлежащем состоянии внешнего вида жилых домов, иных зданий, сооружений и ограждений – влекут наложение штрафа в размере от двух до пятнадцати базовых величин.

Але на практыцы бывае, што неадпаведныя гістарычнаму выгляду помнікаў архітэктуры дзверы, узгадняюцца мясцовымі органамі праз няведанне заканадаўства.

Што рабіць?

Рабіць тое ж, што і ў любым выпадку работ, якія відавочна шкодзяць гісторыка-культурным каштоўнасцям — пісаць у мясцовыя органы і звяртаць іх увагу на магчымае парушэнне. Прыкладны алгарытм такі:

  1. Вам неабходна пераканацца, што дзверы былі заменены ў будынку, які з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Праверыць гэта можна праверыць на сайце Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцей (для олдаў — спіс у PDF за 2023 год). Для будынкаў, размешчаных на рагу вуліц лепш шукаць па абодвух магчымых адрасах.
  2.  Зрабіце фотаздымак дзвярнога запаўнення, каб былі зразумелыя матэрыял, колер, канфігурацыя і варыянт адчынення створак. Няблага таксама высветліць калі дадзеныя дзверы з’явіліся – для буйных гарадоў вялікую дапамогу ў гэтым акажуць Яндэкс.Панарамы.
  3. Зусім добра будзе, калі вам атрымаецца адшукаць гістарычныя фотаздымкі будынка, на якіх будзе бачнае (хоць бы часткова) арыгінальнае запаўненне дзвярнога праёма. Пашукаць можна, напрыклад, на PastVu.com, або ў Вікісховішчы, дзе сабраны дзясяткі тысяч старых фотаздымкаў па гарадах і мястэчках Беларусі.
  4. Напішыце электронны зварот праз сайт обращения.бел у мясцовы орган: у гарадскі ці раённы выканаўчы камітэт. Растлумачце якія дзверы, на вашую думку, пастаўлены з парушэннем, у якім месцы яны размешчаны (да якой установы адносяцца), пералічыце выяўленыя неадпаведнасці (матэрыял, колер, канфігурацыя і варыянт адчынення створак і г.д.). Папрасіце праверыць наяўнасць узгаднення дадзеных работ. Прывядзіце вытрымкі з заканадаўства, якія пацвярджаюць вашую правату (глядзі ў артыкуле вышэй). Патрабуйце абавязаць уласніка прывесці выгляд запаўненняў у адпаведнасць з гістарычным выглядам. 
⚠ Падобныя звароты тым больш эфектыўныя, чым менш прайшло часу з моманту ўстаноўкі новых дзвярэй. Праз два гады ўжо могуць адмовіць у прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці, хоць дадзенае правапарушэнне можна разглядаць як «длящееся». Вельмі мала шанцаў прымусіць замяніць пластыкавыя дзверы, калі ўжо змяніўся ўласнік памяшкання, куды яны вядуць. Таксама малаверагодна, што будуць заменены вельмі старыя пластыкавыя дзверы — давядзецца чакаць, калі яны зусім разваляцца і ўласнік не надумае паставіць новыя. У апошнім выпадку вельмі важна, асабліва калі вы загадзя ведаеце пра надыходзячы рамонт, нагадаць пра неабходнасць прытрымлівацца навукова абгрунтаванага выгляду дзвярных запаўненняў.
 
⚠ Усё апісанае ў артыкуле прымяняльна і да аконных запаўненняў. Часам праблема мае комплексны характар, калі заменены і дзвярныя, і аконныя запаўненні.

Добры прыклад паспяховага вяртання гістарычна абгрунтаваных дзвярэй адбыўся ў канцы лютага 2023 года з крамай Еўраопт у Мінску.

Прыклад звароту

Прашу праверыць законнасць замены аконных і дзвярных запаўненняў, а таксама законнасць перафарбоўкі партала галоўнага ўвахода і аконных ліштваў у чорны колер ва ўбудаваным памяшканні крамы «Беларускі лён» у доме па адрасе вуліца Раманаўская Слабада, 1, які з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Паводле Пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 16 мая 2013 г. № 384:

«1¹. Установить, что ремонтно-строительные работы:

1¹.3. по замене заполнений оконных и дверных проемов на фасадах жилых домов, внесенных в Государственный список историко-культурных ценностей Республики Беларусь, выполняются с учетом утвержденных структурным подразделением местного исполнительного и распорядительного органа, осуществляющим государственно-властные полномочия в области архитектурной, градостроительной и строительной деятельности на территории административно-территориальной единицы, администрацией парка, если такие жилые дома расположены на территории индустриального парка, по согласованию с Министерством культуры вариантов заполнений оконных и дверных проемов на фасадах таких жилых домов (с указанием цвета, материалов и конфигурации).»

Паводле артыкула 22.9 КоАП «Нарушение архитектурного решения фасада здания или сооружения» :

«Самовольные переоборудование, перекрашивание или иное изменение балконов, лоджий и других архитектурных и конструктивных элементов фасадов жилых домов, иных зданий и сооружений, установка на фасадах, балконах, лоджиях, крышах спутниковых и иных антенн, а равно непринятие мер по поддержанию в надлежащем состоянии внешнего вида жилых домов, иных зданий, сооружений и ограждений – влекут наложение штрафа в размере от двух до пятнадцати базовых величин.»

Чорныя пластыкавыя вокны і алюмініевыя ўваходныя дзверы выглядаюць стылёва, але не адпавядаюць гістарычнаму выгляду ні па колеры, ні па матэрыяле, ні па канфігурацыі, ні па адчыненні створак (у будынках таго часу палутарныя дзверы не выкарыстоўваліся, рабіліся дзверы раўнапольныя; устаноўка такіх дзвярэй у наш час не супярэчыць заканадаўству, паколькі Кодэкс аб культуры стаіць вышэй за пажарныя нормы, што пацверджана адпаведнымі ведамствамі). Наяўнасць раней белых пластыкавых аконных і дзвярных запаўненняў, або выкарыстанне неадпаведных запаўненняў у суседніх убудаваных памяшканнях не з’яўляецца аргументацыяй для абгрунтавання негістарычнага выгляду новых запаўненняў.

Таксама такія работы, відаць, павінны праводзіцца па праграме работ, якая падаецца навуковым кіраўніком на ўзгадненне ў Мінкультуры.

У выпадку выяўлення парушэння прашу абавязаць уласніка прывесці выгляд запаўненняў у адпаведнасць з гістарычным выглядам. На аконных праёмах у якасці капраміснага варыянту, на мой погляд, магчыма афарбоўка і прымяненне накладнога фальшпераплёту (венецыянскіх шпросаў) дастатковай шырыні, каб разбіўка рам чыталася на адлегласці (прымяненне шпросаў паміж шклом ці толькі знутры памяшканняў не забяспечвае належнага ўспрымання).

Новыя пластыкавыя дзверы, пастаўленыя на ўваходзе ў краму Еўраопта ў маі 2022 года, і новыя гістарычна абгрунтваныя драўляныя дзверы, пастаўленыя ў лютым 2023 года пасля скаргі актывістаў тэлеграм-канала «Спадчына»
23 лютага 2023Comments Offвокны | дзверы