
У гістарычным цэнтры Пінска падчас рэканструкцыі камунальных сетак на вуліцы Завальнай выяўлены культурны пласт XVII стагоддзя. Археолагі фіксуюць рэшткі даўняй забудовы, бытавыя прадметы і чалавечыя парэшткі, якія сведчаць пра існаванне невядомых раней могілак. Пра ход раскопак паведамляе ТРК «Пінск».
Унікальны тапонім і гарадскія ўмацаванні
Назва вуліцы Завальнай наўпрост адлюстроўвае яе паходжанне — яна сфарміравалася «за валам» гарадскіх умацаванняў. Сёння Пінск — адзіны горад у Беларусі, які захаваў вуліцу з такой гістарычнай назвай (у Міры былая Завальная перайменаваная ў Ленінградскую, у Мінску гістарычная Завальная знікла, а ў 2015 годзе невялікаму праезду вярнулі назву Юрава-Завальная; таксама Завальная вуліца гістарычна існавала ў Вільні).
У XIV—XVIII стагоддзях Пінск меў тры лініі абароны. Завальная вуліца ўзнікла якраз уздоўж трэцяга землянога вала (так званага «астрога»), які ахопліваў тэрыторыю, дзе жылі пераважна рамеснікі. На месцы цяперашняга скрыжавання Завальнай і Зоі Касмадзям’янскай размяшчалася галоўная Паўночная (Северская) брама з пад’ёмным мостам і надбрамнай капліцай, у сутарэннях якой знаходзілася гарадская турма. Абарончыя ўмацаванні пацярпелі падчас вайны 1654—1667 гадоў, а ў ХІХ стагоддзі валы былі канчаткова знівеліраваныя.
<iframe width=”560″ height=”315″ src=”https://www.youtube.com/embed/VIV1h2j7qhs?si=b83cZ-ao8RN-hrgj” title=”YouTube video player” frameborder=”0″ allow=”accelerometer; autoplay; clipboard-write; encrypted-media; gyroscope; picture-in-picture; web-share” referrerpolicy=”strict-origin-when-cross-origin” allowfullscreen></iframe>
Рэшткі Гроцкай вуліцы
Асноўныя земляныя працы, за якімі назіраюць археолагі, ідуць на ўчастку ад вуліцы Зоі Касмадзям’янскай да вуліцы Крупскай (у раёне дзіцячага парку). Навуковы супрацоўнік аддзела археалогіі Інстытута гісторыі НАН Беларусі Сяргей Ліневіч адзначае, што гэтая тэрыторыя пачала шчыльна засяляцца ў другой палове XVII стагоддзя.
На значнай глыбіні даследчыкі выявілі рэшткі драўлянай пабудовы з печчу. У падпечнай яме знойдзена вялікая колькасць артэфактаў: фрагменты керамічнага і шклянога посуду, металічныя вырабы, цвікі і манеты XVII стагоддзя. У ХІХ стагоддзі тэрыторыя сучаснага дзіцячага парку была шчыльна забудаваная, там праходзіла вуліца Гроцкая, якая да нашага часу не захавалася. Знойдзеныя артэфакты дазваляюць удакладніць планіроўку горада таго перыяду.
Невядомыя пахаванні
На скрыжаванні вуліц Завальнай і Спартыўнай з траншэі былі вынятыя чалавечыя парэшткі (фрагмент нагі і сківіца з зубамі). Паводле слоў Сяргея Ліневіча, гэтая знаходка сведчыць пра існаванне на дадзенай тэрыторыі могілак, якія не былі зафіксаваныя на вядомых гістарычных планах горада. Гэты ўчастак раней не падвяргаўся дэталёвым археалагічным даследаванням.
Усе знойдзеныя матэрыялы праходзяць працэдуру апісання. Чакаецца, што бліжэй да зімы артэфакты з Завальнай будуць выстаўленыя ў Музеі Беларускага Палесся.





