«Мінск-1» — былы аэрапорт у паўднёвай частцы Мінска. Знаходзіўся за 4 км ад гістарычнага цэнтра горада. Будынак аэравакзала па вул. Чкалава, 38/1, узведзены ў 1946—1956 гадах, з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю мясцовага значэння.
== Гісторыя ==
Аэрапорт у Менску быў урачыста адкрыты 7 лістапада 1933 года. У гэты ж дзень з яго выляцеў у Маскву першы самалёт К-5. Увесну 1934 года тут прызямліліся тры самалёты По-2, што належалі Смаленскаму авіяпадраздзяленню спецыяльнага прыстасавання Маскоўскага ўпраўлення грамадзянскага паветранага флоту. Затым яны былі прыпісаны да гэтага аэрапорту, што дало пачатак развіццю грамадзянскай авіяцыі ў Беларусі. У 1935 годзе былі адкрытыя першыя рэгулярныя рэйсы паміж Мінскам і сямнаццаццю раённымі цэнтрамі Беларусі, а ў 1936 годзе — першы паштова-пасажырскі рэйс паміж Мінскам і Масквой.
Аэрапорт атрымаў міжнародны статус у 1955 годзе і ўжо ў 1970-х абслугоўваў больш за мільён пасажыраў у год.
Аэрадром меў адну ўзлётна-пасадачную паласу з бетонным пакрыццём даўжынёй 2000 м і шырынёй 60 м, якая магла абслугоўваць паветраныя судны 2—4 класаў з максімальнай узлётнай масай да 63 т.
Аэрапорт мог прымаць наступныя тыпы самалётаў: Ту-134, Ан-12, Ан-24, Ан-26, Ан-72, Ан-74, Як-40, Як-42, — а таксама ўсе тыпы верталётаў.
=== Ліквідацыя аэрапорта ===
У маі 2007 года было прынятае рашэнне аб закрыцці аэрапорта «Мінск-1» і будаўніцтве на яго тэрыторыі новага гарадскога раёна Мінск-Мір. Абслугоўванне пасажырскіх рэйсаў, якія выконвала расійская авіякампанія Utair, скончылася 29 кастрычніка 2012 года, з 23 снежня 2015 былі спыненыя любыя палёты (за выключэннем паветраных судоў, якія прыляталі на авіярэмонтны завод). Пасля закрыцця аэрапорта для пасажыраў будынак аэравакзала і білетных касаў, пабудаваны ў 1976 годзе, спачатку выкарыстоўваўся як гандлёвы цэнтр «Аэрадромны», а ў 2017 годзе быў знесены. Будынак 1957 года, які з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, было вырашана захаваць як архітэктурны помнік.
На працягу наступных некалькіх гадоў аэрадром выкарыстоўваўся толькі для абслугоўвання Мінскага авіярамонтнага завода № 407. Заключны вылет з аэрадрома быў выкананы 28 чэрвеня 2018 года — на месца свайго базавання адправіўся самалёт Ту-134А-3М (RA-65917), які належаў расійскаму дзяржаўнаму прадпрыемству і прайшоў на заводзе рамонт. Пасля гэтага дзейнасць завода была канчаткова перанесеная ў аэрапорт Мінск-2. У 2019 годзе быў праведзены дэмантаж УПП, рулёжных дарожак, перонаў і аэрадромных будынкаў, уключаючы авіярэмонтны завод, пачалася забудова тэрыторыі.
== Архітэктура ==
Комплекс размешчаны ў межах горада, замыкае перспектыву вул. Чкалава. Уключаў стары будынак аэравакзала, узведзены ў 1946—1957 гадах па праекце архітэктараў А. П. Воінава і Г. Заборскага, і новы павільён (не захаваўся), пабудаваны ў 1976 годзе па праекце архітэктараў С. Баткоўскага і А. Серапяна. Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя сіметрычнага двухпавярховага будынку аэравакзала складаецца з цэнтральнай часткі і двух бакавых крылаў. У архітэктуры будынка выкарыстаныя формы класіцызму: 6-калонны порцік з боку плошчы, два сіметрычныя рызаліты з боку ўзлётна-пасадачнай паласы, бельведэр з каланадай карынфскага ордара. Павільён — прамавугольны ў плане, зашклёны на ўсю вышыню будынак з двума сіметрычнымі ўваходамі, вылучанымі двума масіўнымі казыркамі.
== Здарэнні ==
У гісторыі аэрапорта адбыліся такія авіяцыйныя здарэнні:
Аварыя С-47 (1945)
Аварыя Лі-2 (1946)
Катастрофа Іл-12 (1960)
Аварыя Ан-26 (1983)
== Зноскі ==
== Літаратура ==
С. Дз. Філімонаў. Мінскія аэрапорты // Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.