Будынак чыгуначнага вакзала ў Барысаве — помнік архітэктуры пачатку XX стагоддзя ў г. Барысаў. Пабудаваны на чыгуначнай станцыі Барысаў, на Прывакзальнай плошчы, завяршае перспектыву праспекта Рэвалюцыі.
== Гісторыя ==
У 1871 годзе на ўсход ад Барысава прайшла чыгунка Масква — Брэст. На правым беразе Бярэзіны перад чыгуначным мастом была пабудавана чыгуначная станцыя, якая ўключала драўляны двухпавярховы вакзал, кола для развароту лакаматываў, склады, водаправод. У пачатку XX стагоддзя справа ад вакзала быў пабудаваны новы цагляны вакзал, стары знесены. На месцы старога вакзала быў пабудаваны драўляны рэстаран па тыпавым праекце, які зараз не захаваўся.
== Архітэктура ==
Прамавугольны ў плане двухпавярховы будынак з сіметрычнавосевымі франтальнымі фасадамі. Галоўны фасад расчлянёны глыбокімі ўваходнымі рызалітамі з фігурнымі прафіляванымі шчытамі ў завяршэнні. Перонны фасад мае ідэнтычную кампазіцыю з неглыбокімі рызалітамі, паміж якімі выхад з будынка. Аконныя праёмы лучковыя, з клінападобнымі аркамі і замковым каменем. На зялёным фоне сцен будынку вылучаюцца пабеленыя элементы дэкору: ліштвы праёмаў, міжпаверхавыя цягі, карніз з крэмальерамі. Тарцовыя фасады глухія.
У архітэктурны комплекс чыгуначнага вакзала Барысаў таксама ўваходзіць вежа для вады, пабудаваная інжынерам Шухавым у 1920-х гадах. Падобную вежу таксама можна ўбачыць на станцыі Кайтанава.
== Літаратура ==
Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік, Мінск, 1993
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, [1984—1988].