Лячэбны корпус – цэнтральны элемент комплексу будынкаў вайсковага шпіталя ў Мінску, узведзеных у першай паловы XIX стагоддзя па праекце Казіміра Хршчановіча ў стылі класіцызму. Месціцца па вуліцы Фрунзэ, 19 (Бранявы завулак, 2).
Гісторыя
Збудаваныя ў 1840 годзе, архітэктар — Казімір Хршчановіч. Першапачаткова ў комплекс уваходзілі лячэбны корпус, 2 флігелі і гаспадарчыя пабудовы. Асаблівае значэнне будынак меў у часе Крымскай (1853—1856), Руска-турэцкай (1877—1878) і Першай сусветнай войнаў. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі тут размешчаныя казармы кавалерыйскага палка Чырвонай арміі. У часе Другой сусветнай вайны тут месціўся нямецкі лазарэт. Пасля вайны ў будынках размясціўся штаб тылу Беларускай вайсковай акругі і ваенны суд.
У 2003 годзе будынак Міністэрства абароны перадалі Нацыянальнаму гістарычнаму музею, які паспеў на некалькі гадоў размясціць тут чатыры калекцыі з музейных фондаў, аднак у 2008 годзе пасля значнай рэстаўрацыі будынкі былі перададзеныя Следчаму камітэту.
Архітэктура
Лячэбны корпус ёсць трохпавярховым П-падобным у плане будынкам. Сіметрычны паводле кампазіцыі галоўны фасад быў падзелены карнізным поясам на 2 ярусы і завершаны шчытом. Рытм фасадаў стваралі прамавугольныя паўцыркульныя аконныя праёмы з простымі ліштвамі. Першапачатковая планіроўка калідорная.
Флігелі размешчаныя абапал лячэбнага корпуса. Двухпавярховыя прамавугольныя ў плане аб’ёмы. Галоўныя фасады завершаныя трохвугольнымі франтонамі.
У 1940-я гады будынкі комплексу рэканструяваныя (архітэктар Валянцін Гусеў). Галоўны фасад лячэбнага корпуса і бакавыя фасады флігеляў аформленыя калоннымі порцікамі. Змененая планіроўка. З паўночнага ўсходу дабудаваны новы аб’ём. Бакавыя флігелі аб’яднаныя з цэнтральным корпусам двухпавярховымі ўстаўкамі.
Літаратура
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8. С. 207