Галоўны корпус Слуцкай земскай бальніцы – колішні будынак у Слуцку, які размяшчаўся на рагу вуліца Манахава і Ленінскай.
Ансамбль бальнічнага гарадка па вуліцы Турэмнай (цяпер імя Аляксандра Манахава) фарміраваўся на працягу сярэдзіны XIX – 2-й паловы XX ст. Афіцыйна Слуцкая гарадская бальніца, разлічаная на 25 ложкаў, якая ў сувязі з рэформамі і стварэннем земстваў пазней стала называцца земскай, сваю гісторыю адлічвае з 1842 года[1][3].
У 1886 г. на рагу вуліц Нова-Цішкаўскай (цяпер Ленінская) і Турэмнай (цяпер Манахава) быў узведзены двухпавярховы мураваны корпус. Для будоўлі выкарыстоўвалася выдатнай якасці цэгла, вырабленая ў вёсцы Хранова (цяпер Ветка). Будынак стаяў навідавоку, адсюль пачыналася бальнічная тэрыторыя. У сціплым, але выразным па архітэктуры будынку можна заўважыць рысы позняга класіцызму, а таксама ўжыванне аўтарам праекта прыёму новага на той час стылю мадэрн. Гэта відавочна ў асіметрычным рашэнні плана (невялікая прыбудова да галоўнай часткі прыдавала яму «Г» – падобны выгляд) і фасадаў. Змешчаныя ў правы бок трохвугольныя франтончыкі галоўнага і тыльнага фасадаў, упрыгожаныя адмысловымі драўлянымі элементамі (характэрная прыкмета так званай «альпійскай архітэктуры»), сталі вобразным акцэнтам будынка. Франтончык галоўнага фасада вызначаў уваход з боку вуліцы. Пасля вайны ён быў закладзены і ператварыўся ў аконны праём, а ўваход быў арганізаваны з супрацьлеглага боку, са двара. Унутраная планіроўка асноўнай часткі была калідорная, з двухбаковым размяшчэннем палат. Першапачаткова мелася скляпенне, невялікія арачныя вокны якога ўзвышаліся над зямлёй. Пазней яго не стала, і аконныя праёмы былі закладзены[3].
Тут, акрамя палат, меліся дапаможныя і адміністрацыйныя памяшканні. Да 1960-х гадоў у гэтым корпусе быў кабінет галоўнага ўрача[3].
Пасля вайны тут размяшчалася інфекцыйнае аддзяленне, у 1990-я – скураное[3].
Будынак разабраны ў 2005 годзе[1][3].
Крыніцы
- Пратасеня Я. 17 чэрвеня 1972 г. // Па старонках газеты «Шлях Ільіча». Памяць. Слуцкі раён. Слуцк.
Кн. 2. Мн.2001, с. 418. - Богдашич С., Станкевич С., Титковский И. Угроза памятнику // Інфа-Кур”ер. 2005, № 29, с. 4.;
– // – // Краязнаўчая газета. 2005. № 30, с. 6.
Ціткоўскі І. Паўтарэнне пройдзенага // Інфа-Кур”ер. 2005, № 32. - З гісторыі лекарскай справы // «Наследие слуцкого края». 2017