
По́мнік Яку́бу Ко́ласу — помнік народнаму паэту Беларусі Якубу Коласу ў вёсцы Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці, пастаўлены ў гонар яго 90-годдзя.
== Гісторыя ==
Ушанаванне памяці Народнага паэта Беларусі, карані якога паходзяць з Мікалаеўшчыны, пачалося адразу пасля смерці літаратара ў 1956 годзе, што было зацверджана пастановай Савета Міністраў БССР. На той час ужо быў падрыхтаваны праект помніка аўтарства Міхаіла Бакланава ў выглядзе бюста, пастаўленага на абліцаваны пастамент з надпісам «Якуб Колас (1882—1956)».
Рэалізацыя праекта ажыццяўлялася на працягу 16 гадоў, у выніку чаго канчатковы варыянт атрымаўся адрозным ад першапачатковага (спрошчаны пастамент, зменены формы бюста). Адкрыццё помніка адбылося ў межах святкавання 90-годдзя з дня нараджэння паэта.
Помнік з’яўляецца традыцыйным месцам адзначэння юбілеяў Якуба Коласа. Падчас святкавання 130-годдзя з дня нараджэння пісьменніка да мемарыяла ўсклаў кветкі тагачасны міністр культуры Павел Латушка.
На сённяшні дзень гэта адзінае ўвасабленне памяці паэта ў скульптуры на яго малой радзіме. Неаднаразова выказваліся прапановы аб усталяванні падобнага манумента ў Стоўбцах. Працы па яго ўзвядзенні ўжо пачаліся.
== Апісанне ==
Помнік размешчаны на невялікай пляцоўцы каля будынка адміністрацыі Мікалаеўшчынскага сельсавета, ад яго да вуліцы Школьнай пракладзена асфальтаваная сцежка, уладкаваны невялікі сквер. Прасторавая кампазіцыя помніка вельмі кампактная.
Скульптары — народны мастак БССР Аляксей Глебаў і Ігар Краўчанка, архітэктар — Леў Міцкевіч. Помнік складаецца з прамавугольнага пастамента, на які пастаўлены бюст паэта. Аснова выканана з бетона, абліцаванага лабрадарытам, бюст — бронзавы. Вышыня бюста — 1,1 метра, агульная вышыня разам з пастаментам — 3,6 метраў. У рысах твару Коласа падкрэсленыя такія рысы яго характару, як дабрыня, дасціпнасць і сардэчнасць.
На прымацаванай да манумента дошцы маецца цытата з верша паэта «Песняй вітаю я вас», напісанага ў 1936 годзе.
== Зноскі ==
== Літаратура ==
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1987. — Мінская вобласць. Кніга 2. — 308 с.: іл. — С. 241