Корпус былога кляштара трынітарыяў у Маладзечне. Размешчаны па Замкавай вуліцы, 19, на тэрыторыі станкабудаўнічага завода.
Будынак кляштара ордэна трынітарыяў узведзены з цэглы ў 1762 годзе[1]. У XIX стагоддзі тут размясцілася шляхецкае вучылішча (гл. падрабязней), а ў далейшым прагімназія, настаўніцкая семінарыя, польская гімназія імя Т. Зана, педвучылішча імя Я. Купалы. У другой палове XIX стагоддзя прыбудавана царква са званіцай[1] (захавалася часткова).
На дадзены момант на месцы тых пабудоў знаходзіцца станкабудаўнічы завод. У савецкі час на будынку ўстаноўлена мемарыяльная дошка ў гонар былых навучэнцаў. У 1980-я гг. тут размяшчалася тут медыцынская ўстанова[1].
Архітэктура
Помнік архітэктуры позняга барока. Будынак прамавугольны ў плане, двухпавярховы, з бакавымі рызалітамі, вуглы якіх раскрапаваны лапаткамі. Аконныя праёмы прамавугольныя з простым плоскім абрамленнем з замковымі камянямі. Памяшканні першага паверха перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі. На другім паверсе перакрыцці плоскія, бэлечныя. Планіроўка анфіладная[1].
Літаратура
- У. В. Алісейчык, В. Б. Караткевіч. 1620. Настаўніцкая семінарыя // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1987. — Мінская вобласць. Кніга 2. — 308 с.: іл.