
Будынак Пінскай гімназіі — будынак у гістарычным цэнтры Пінска, размешчаны па адрасе вул. Леніна, 39, на рагу з вул. Заслонава.
== Гісторыя ==
Двухпавярховы мураваны будынак для дваранскага пяцікласнага вучылішча пабудаваны ў 1852—1853 гадах па праекце Казіміра Скірмунта (мужа вядомага скульптара Гелены Скірмунт) за 32480 рублёў. На верхнім паверсе будынка мелася 7 пакояў і зала, пераробленая пасля ў царкву. На ніжнім паверсе — 11 пакояў, у якіх размяшчаліся канцылярыя, бібліятэка, фізічны і прыродазнаўчы кабінеты, хімічная лабараторыя, настаўніцкая, клас Закона Божага і кватэра дырэктара. У 1 жніўня 1858 года на месцы скасаванага вучылішча была адкрыта першая на Піншчыне гімназія. 3 1864 г.— рэальная гімназія, у 1872 г. ператворана ў рэальнае вучылішча. У 1882—1881 гг. у вучылішчы існаваў гурток марксісцкага кірунку.
У час Першай сусветнай вайны ў будынку гімназіі размяшчаўся рускі ваенны шпіталь. Дзяцей і настаўнікаў прытуліла ў сваім доме Канстанцыя Скірмунт. У жніўні 1915 года горад апынуўся пад нямецкай акупацыяй. У будынку гімназіі размясцілася ваенная камендатура.
У часы Польскай Рэспублікі ў будынку размяшчалася Пінская дзяржаўная гімназія. Вырашалася пытанне аб капітальным рамонце будынка навучальнай установы. У 1928 годзе быў нанова перакрыты дах будынка. Некаторыя з класаў былі абсталяваны дадатковымі печамі. У перспектыве планавалася правесці ў будынак цэнтральнае ацяпленне.
За савецкім часам — сярэдняя школа № 2, цяпер Упраўленне па адукацыі Пінскага гарвыканкама.
У 1958 г. у памяць аб першай сярэдняй агульнаадукацыйнай навучальнай установе ў Пінску на будынку ўстаноўлена мемарыяльная дошка. Таксама ўстаноўлена мемарыяльная дошка ў гонар знакамітага выпускніка Хаіма Вейцмана, выдатная хіміка і першага прэзідэнта Ізраіля.
== Зноскі ==
== Літаратура ==
1207. // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1984. — Брэсцкая вобласць. — 368 с., іл.