Дом пад шпі́лем — жылы дом у Мінску, які месціцца на рагу Камуністычнай і Чырвонай вуліц 14/1. Пабудаваны ў 1952 годзе паводле праекта Марка Ліфшыца і Элкано Гальдштэйна.
== Гісторыя ==
Праект дома распрацаваны аўтарскім калектывам у інстытуце «Ваенпраект». На горадабудаўнічым савеце 17 красавіка 1951 года пры разглядзе эскізнага праекта комплексу Уладзімір Адамавіч Кароль адзначыў: «Я надаю гэтай забудове важнае значэнне. Яна фарміруе адно з самых характэрных месцаў горада. Увесь гэты комплекс у хуткім часе будзе гучаць чароўнай сімфоніяй у архітэктуры сталіцы».
Будаванне дома пачалося ў пасляваенныя гады ў складзе комплексу дамоў для афіцэрскіх сем’яў. Комплекс уключае дамы № 14, 16, 18 на вуліцы Камуністычнай і № 3, 5 на вуліцы Чырвонай. Жыллё для афіцэрскага складу будавалася побач з будынкам Беларускай ваеннай акругі (цяпер — Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь).
Вежу будынка спраектаваў архітэктар Уладзімір Ісачэнка. На вежы пэўны час месціўся вышкавы выведвальны пункт.
== Архітэктура ==
Будынак пяціпавярховы, Г-падобны ў плане. Пастаўлены на ўзгорку, арыентаваны на набярэжную ракі Свіслач. Вуглавая частка — васьмігранны эркер, завершаны трох’ярусным ліхтаром са шпілем з нержавеючай сталі з лаўровым вянком, у які ўмантавана зорка (выраблены на Маскоўскім заводзе металаканструкцый). Шпіль з’яўляецца вышыннай дамінантай кампазіцыі. Вулічныя фасады амаль раўназначныя, завершаны развітым карнізам на мадульёнах. 3 паверхі апрацаваныя буйным рустам, на 4-м і 5-м балконы аформленыя парталамі з пілястрамі і трохвугольнымі франтонамі. З боку Камуністычнай вуліцы зроблены праезд. Дваравыя фасады вырашаныя сціпла.
Першы паверх выкарыстоўваецца гандлёвымі ўстановамі, чатыры верхнія паверхі — жылыя, аднолькавай планіроўкі (двухкватэрныя секцыі з трыма і чатырма пакоямі). Планіроўка жылых секцый індывідуальная.
== Цікавыя факты ==
Дом пад шпілем быў адным з найвышэйшых мінскіх будынкаў пасляваеннага часу: ад узроўню зямлі да зоркі на шпілі — амаль 43 метры.
== Зноскі ==
== Літаратура ==
356. Жылы дом // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8. С. 216