Воданапорная вежа ў Полацку. Размяшчалася на рагу вуліц Камуністычнай і Талстога, прыкладна на месцы будынка цяперашняга райвыканкама. Пабудавана ў 1930-я гады ў стылі канструктывізму, калі будаваўся гарадскі вадаправод. Разбурана ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
З успамінаў І. П. Дэйніса, дзе ён распавядае пра будаўніцтва вадаправода:
«Лінія вадаправода прайшла па вул. К.Маркса (сёння пр-т Ф. Скарыны) на Савецкую вуліцу (захавалася часткова: пачынаецца ад пляцоўкі перад пажарнай часткай, праходзіць уздоўж паўночнага боку плошчы Свабоды, пераходзячы ў Замкавы праезд) і Льва Талстога, дзе цяпер гарсавет (райвыканкам), тут на рагу вуліц Камуністычнай і Льва Талстога стаяла бетонная воданапорная вежа, ад яе ішла лінія на Ленінскую вуліцу (сёння вул.Ніжне-Пакроўская) і Максіма Горкага (Стралецкая) да бальніцы.
Для забору вады насельніцтвам былі пабудаваны водазаборныя будкі цагляныя, тынкаваныя і беленыя. Там сядзеў прадавец вады, яна адпускалася за плату, потым гэту справу скасавалі і ваду бралі бясплатна. Зараз гэтыя будкі знесены, захавалася адна па вул. Леніна (сёння вул. Ніжне-Пакроўская) каля дома № 23».
Крыніцы