
Воданапо́рная ве́жа ў Мі́нску месціцца ў прадмесці Грушаўка па вуліцы Аўтадораўская, 3. Частка комплексу будынкаў чыгуначнай бальніцы. Гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння.
== Гісторыя ==
Пабудаваная ў 1910 годзе. Забяспечвала вадой бальнічныя карпусы чыгуначнай бальніцы, паравознае дэпо і станцыю. Калісьці ў верхняй частцы вежы размяшчаліся два жалезныя бакі, напоўненыя вадой. Кожны бак умяшчаў 80 тон вады. Воданапорная вежа — унікальны помнік архітэктуры горада, адзінае інжынернае збудаванне такога тыпу, захаванае да нашых дзён.
== Архітэктура ==
Трох’ярусная, васьмігранная ў плане цагляная воданапорная вежа не атынкаваная. Першы невысокі ярус — аснова вежы, шырокія грані другога яруса расчлянёны вялікімі арачнымі нішамі, 3-і ярус глухі. У аздабленні выкарыстаны нішы, пілястры, арнаментальныя паясы. Асобныя дэталі маюць стылізаваныя формы сярэдневяковага абарончага дойлідства: машыкулі, вокны-байніцы і інш.
== Зноскі ==
== Літаратура ==
Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / Склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — ISBN 978-985-6828-35-8.
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8. С. 51—52