Вадзяны млын — будынак у г. Паставы (Пастаўскі раён). Помнік архітэктуры позняга класіцызму. Знаходзіцца ў цэнтры гораду, каля плаціны моста цераз р. Мядзелка. Пабудаваны з цэглы ў 2-й палове XIX ст.
== Архітэктура ==
Трохпавярховы прамавугольны ў плане будынак накрыты двухсхільным дахам. Цэнтральная частка галоўнага фасада вылучана рызалітам. Галоўны ўваход падкрэслены цыркульным арачным праёмам з дзюма невысокімі калонамі. Масіўныя сцены прарэзаныя невялікімі прамавугольнымі вокнамі, крапаваныя прафіляванымі міжпаверхавымі паясамі і карнізам. На першым паверсе знаходзіліся турбіна і шматступеньчатая трансмісія, на другім — жорны, на трэцім — дапаможныя памяшканні.
== Літаратура ==
Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, [1984—1988].