Шыфр : 411Г000602
Датаванне : ХIV стагоддзе
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Крэўскі_замак

Крэўскі замак — комплекс абарончых збудаванняў тыпу кастэль каля вёскі Крэва Смаргонскага раёна.

== Будаўніцтва ==
Пэўны час пабудовы замка застаецца дыскусійным. Класічная версія — пабудова замка Альгердам пасля 1338 года (да 1345 года) як сваёй рэзідэнцыі. У 1980—1990-я гады пашырылася версія пра пачатак будаўніцтва Крэўскага замка ў канцы ХІІІ — пачатку ХIV стагоддзяў, якую актыўна падтрымалі беларускія археолагі Міхась Ткачоў, Алег Трусаў, Ігар Чарняўскі. Як аргументы прыводзяцца некаторыя асаблівасці будаўнічай тэхнікі, а таксама характарыстыкі цэглы муроў. Юрый Бохан падтрымлівае думку, што будаўніцтва замка пачалося на мяжы ХІІІ — пачатку ХIV стагоддзяў, але завяршылася ўжо ў часы кіравання Гедыміна.
З іншага боку, пісьмовыя крыніцы даюць падставы аднесці будаўніцтва Крэўскага замка да 1370—1380-х гадоў. Украінскі археолаг Сяргей Панышка таксама на аснове паралеляў паміж мураванымі замкамі Валыні адстойвае датаванне другой паловай ХIV стагоддзя, калі Альгерд быў ужо вялікім князем.

Як падсумоўвае Алег Дзярновіч:Найбольш жа абгрунтаваным застаецца традыцыйнае датаванне — 1320—1330-я. Ва ўсялякім выпадку, Крэўскі замак стаў адным з першым цалкам мураваных замкаў Вялікага Княства Літоўскага, дзе да той пары, як і на беларускіх землях увогуле, не існавала традыцый мураванага дойлідства аб’ектаў такога маштабу. Узводзіўся замак, як нам бачыцца, пры ўдзеле ганзейскіх майстроў.Адна з першых мураваных кастэляў Вялікага княства Літоўскага пабудавана каля сутокаў Краўлянкі і Шляхцянкі. Асноўная частка збудаванняў размешчана на балоцістым поплаве, палова абарончых муроў узведзена на штучна расшыранай пясчанай дзюне.

== Гісторыя ==

Крэўскі замак быў сведкам і месцам многіх гістарычных падзей. Ужо ў хуткім часе пасля будаўніцтва ён быў абстраляны каменнымі ядрамі (іх знайшлі падчас раскопак ля заходняй сцяны), была спалена баявая галерэя.
У XIV стагоддзі Крэўскі замак выконваў функцыі адной з дынастычных рэзідэнцый Гедымінавічаў (Альгерда, а потым Ягайлы) і пастаянна прыгадваецца ў падарожжах Ягайлы як прамежкавы пункт паездак і месца сустрэч.

У 1382 годзе загадам вялікага князя літоўскага Ягайлы ў замку задушаны яго дзядзька вялікі князь Кейстут — сапернік па велікакняжацкім стальцы. Паводле Супрасльскага летапісу:Князя великого Кестутия… оковав ко Криеву послали и всадили во вежю… И так во Криеве пятой нощи князя великого Кестутия удавили коморники князя великого Ягайлавы.Такі ж лёс мусіць чакаў Вітаўта, сына Кейстута, які «седель во Криеве за твердою сторожею в комнате», але ён здолеў уцячы, пераапрануты ў жаночую вопратку кампаньёнкі сваёй жонкі.
У 1385 годзе ў замку выпрацоўваліся ўмовы Крэўскай уніі — аб’яднання Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы пад уладай вялікага князя Ягайлы. У 1433 годзе Крэўскім замкам авалодаў вялікі князь Свідрыгайла, скінуты з велікакняжацкага стальца («взяша Криево мурованны и сожже»).
У 1503—1506 гадах замак неаднойчы асаджалі і значна пашкодзілі перакопскія татары, але хутка ён быў адбудаваны. У 1519 годзе ў глыбокім рэйдзе на Вялікае Княства Літоўскае Крэва захапілі маскоўскія ваяводы. У другой палове XVI стагоддзя ў Крэўскім замку жыў беглы рускі князь Андрэй Курбскі, які атрымаў урад крэўскага старосты і захоўваў яго да 1571 года.Паступова замак губляў абарончае значэнне.

Яшчэ ў XVIII стагоддзі Крэўскі замак быў у добрым стане. Пазней пачалося яго разбурэнне, якое давяршыла Першая сусветная вайна, калі праз Крэва праходзіла лінія фронту і больш як 3 гады вяліся пазіцыйныя баі. Замак апынуўся на тэрыторыі, захопленай немцамі, тут былі збудаваны сховішчы і назіральныя пункты. Падчас абстрэлаў асабліва моцна пацярпела Княжацкая вежа і сцены ў паўднёвай частцы замка. Да нашых дзён захаваліся толькі замкавыя руіны.
Кансервацыя рэшткаў замкавых муроў была зроблена ў 1929 годзе польскімі рэстаўратарамі пад кіраўніцтвам Станіслава Лорэнца.
У 1970 годзе замак даследавала экспедыцыя пад кіраўніцтвам М. А. Ткачова. У 1985 годзе — на чале з А. Трусавым і М. А. Ткачовым. У 1988 годзе — пад кіраўніцтвам І. М. Чарняўскага.

Замак знаходзіцца на мяжы разбурэння. Кансервацыя рэштак замка працягнулася ў 2004 годзе. Тады студэнты-валанцёры закансервавалі ўваход у Кейстутаву вежу. Пазней на сцяне замка была ўсталявана супрацьаварыйная канструкцыя, якая абараняе гэту частку сцяны ад уздзеяння ападкаў. У 2005 годзе быў створаны Мясцовы дабрачынны фонд «Крэўскі замак» (www.kreuskizamak.by), галоўнай мэтай якога з’яўляецца садзеянне захаванню Крэўскага замка. Фонд штогод ладзіць летнікі і культурныя мерапрыемствы ў Крэве і іншых населеных пунктах.

=== Сучасны стан ===
Замак — помнік архітэктуры і гісторыі, турыстычны аб’ект.
Паводле пастановы Савета Міністраў ад 3 чэрвеня 2016 года № 437 Крэўскі замак быў уключаны ў лік 27 аб’ектаў, выдаткі на захаванне якіх (у частцы капітальных выдаткаў) могуць фінансавацца з рэспубліканскага бюджэту.
У канцы 2010-х — пачатку 2020-х гадоў праведзены кансервацыя Княжацкай вежы, кансервацыя з рэстаўрацыяй паўночна-заходняй i паўночна-ўсходняй сцен. У 2022 годзе вядзецца кансервацыя паўднёва-заходняй сцяны.
Праектам прадугледжваецца аднаўленне сцен, баявых галерэй i Княжацкай вежы, у якой плануецца размясцiць музейную экспазiцыю.

== Архітэктура ==
Замак у плане няправільны чатырохвугольнік, абнесены мураванымі сценамі. Паўночная сцяна даўжынёй 85 м, усходняя — 108,5 м, паўднёвая — 71,55 м, заходняя — 97,2 м. Таўшчыня сцен 2,5—3 м, вышыня каля 12—13 м. Сцены да ўзроўню баявой галерэі вымураваны з палявога каменю, на вышыні каля 7 м ад паверхні сцены па вонкавым перыметры аблямаваны поясам каля 2 м з буйнапамернай цэглы. Замак па рагах меў 2 вежы. Паўночная, Княжацкая вежа, амаль квадратная ў плане (18,65 × 17 м) выступае за перыметр абарончых муроў. У вежы было не менш за 4 паверхі і склеп-турма ўнізе, пераходы паміж імі існавалі ў тоўшчы сцен. Па дыяганалі ад Княжацкай вежы знутры да замкавых муроў была прыбудавана Малая вежа памерамі 11 × 10,65 м. Сцены да вышыні 3 м вымураваны з камянёў, вышэй — з цэглы. Уяздная брама знаходзілася ў паўднёва-ўсходняй сцяне. На замкавым двары размяшчалася кузня, жылыя пабудовы, мелася сажалка.

== Зноскі ==

== Літаратура ==
Дзярновіч А. І. Заняпад ці трансфармацыя? Эвалюцыя статуса Крэўскага замка ў XIV—XVII ст. (па выніках гістарычна-археалагічных даследаванняў) / А. І. Дзярновіч // Замкі, палацы і сядзібы ў кантэксце еўрапейскай культуры: Зб. навук. арт. / Мін. культ. РБ, Замкавы комплекс «Мір». — Мінск : Медысонт, 2013. — С. 23—29.
Страчаная спадчына / Т. В. Габрусь, А. М. Кулагін, Ю. У. Чантурыя і інш. Уклад. Габрусь Т. В. — Мн.: Полымя, 1998. — 351 с.: іл. — ISBN 985-07-0036-Х — С. 14-17.
Крэ́ўскі за́мак // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 406. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.

Шыфр : 411Г000602
Датаванне : ХIV стагоддзе
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Крэўскі_замак
Асаблівасці
Водгукі
Тут яшчэ няма водгукаў.
Пакіньце водгук
Трэба каб пакінуць водгук.
Злучанныя аб'екты