Тураўскі замак — абарончае збудаванне ў Тураве.
== Гісторыя ==
У кан. Х ст. заснаваны драўляны грод. Умацаванні старажытнага Турава надзейна абаранялі яго ад набегаў непрыяцеля. У 1158 годзе горад вытрымаў жорсткую дзесяцітыднёвую аблогу войскаў паўднёварускай кааліцыі князёў, а ў 1160 — трохтыднёвую аблогу валынскіх князёў.
У XIII ст. была пабудавана абарончая мураваная вежа-бергфрыд.
У 1502 і 1521 гадах быў разрабаваны татарамі. У 1649 годзе захоплены і спустошаны гетманам Янушам Радзівілам. У 1654—1667 гг. спустошаны і разрабаваны маскоўцамі.
== Архітэктура ==
Тураўскі замак узнік на месцы драўлянага грода часоў Старажытнай Русі. Абарончая сістэма старажытнага горада будавалася на ўмелым злучэнні натуральных перашкод са штучнымі ўмацаваннямі, збудаванымі ў адпаведнасці з рэльефам мясцовасці і з улікам абарончай тактыкі таго часу.
Гарадзішча старажытнага Турава складалася з дзвюх частак, якія займалі мыс, прыпадняты на 5-6 м над забалочанай поймай Язды. На адной з пляцовак знаходзіўся дзяцінец, на іншай – навакольны горад, якія падзяляў абарончы роў, шырыня якога складала ад 20 да 25 м, глыбіня каля 5 м. Паўкруглым абарончым ровам, запоўненым вадой, гарадзішча таксама было акружана з усходняга і паўднёвага бакоў.
Дзядзінец быў размешчаны на найбольш умацаванай мысавай частцы гарадзішча. Верагодна, па перыметры пляцоўкі дзяцінца калісьці праходзіў земляны вал. Пра гэта сведчаць захаваныя з заходняга боку невялікія ўзвышэнні. Апроч гэтага, дзяцінец некалі атачалі драўляныя сцены з вежамі. Знакаміты падарожнік Павел Шпілеўскі ў 1859 годзе пісаў пра рэшткі сямівежавага замка, умацаванага равамі і валамі.
У новых умовах і з уключэннем у маладую дзяржаву Вялікае Княства Літоўскае змяніліся функцыі і роля замка і яго абарончых умацаванняў. Грод падзяліўся на непасрэдна велікакняжацкі замак і гандлёва-рамесны горад.
Найлепей гэта сімвалізуе з’яўленне мураванай вежы-бергфрыда, або вежы валынскага тыпу, падобнай на Камянецкую і Брэсцкую. Яна акрамя абарончай функцыі мела прэзентабельны характар і мусіла сімвалізаваць уладу князя.
== Зноскі ==
== Літаратура ==
Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.