
Палаца-паркавы ансамбль Мержыеўскіх — помнік архітэктуры класіцызму, пабудаваная ў в. Грозава (Капыльскі раён). Да 1863 г. належала Мержыеўскім, пазней — Вітгенштэйнам.
У палацы размяшчалася школа. На 2012 год будынак закрыты на рэканструкцыю.
== Архітэктура ==
Палац — мураваны двухпавярховы будынак з вальмавым дахам. Цэнтр сіметрычна-восевай кампазіцыі падкрэслены чатырохкалонным порцікам з пандусам на галоўным і глыбокім рызалітам на дваровым фасадах (на акварэлі Н. Орды 1864—76 гг. таксама меў чатырохкалонны порцік). Да заходняга тарца палаца далучаная аднапавярховая службовая прыбудова. Пластыка фасадаў ствараецца прафіляванымі цягамі, ліштвамі прамавугольных акон і дзвярэй, лапаткамі і рустам па вуглах будынку. Планіроўка анфіладна-калідорная з цэнтральнай групай парадных памяшканняў і вялікім вестыбюлем з двухбаковай лесвіцай. Пад будынкам скляпеністыя сутарэнні.
З боку дваровага фасада на схіле ўзгорку быў разбіты парк (не захаваўся).
== Літаратура ==
Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
== Спасылкі ==
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Палаца-паркавы ансамбль (Грозава)
Палаца-паркавы ансамбль (Грозава) на сайце Radzima.org
Палаца-паркавы ансамбль (Грозава) на сайце Глобус Беларусі (руск.)