
Сядзібна-паркавы ансамбль Мядзведскіх — помнік сядзібна-паркавай архітэктуры другой паловы XIX ст. Створаны на ўскраіне в. Двор Нізгалава (Бешанковіцкі раён), на беразе р. Ула, у стылі позняга класіцызму. Комплекс уключае: гасподу (пашкоджаная ў 1944 г., адноўленая ў 1970 г.), афіцыну, кухню, вяндлярню, два гаспадарчыя корпусы.
== Архітэктура ==
Гаспода — простакутны ў плане аднапавярховы мураваны аб’ём, накрыты вальмавым дахам. У пластыцы фасадаў выкарыстаныя элементы класіцызму з характэрнай для другой паловы XIX ст. адвольнай трактоўкай ордару.
== Парк ==
Ад гасподы да поймы ракі спускаюцца чатыры тэрасы, абсаджаныя шпалерамі з елкі звычайнай. Тэрыторыя сядзібнай забудовы злучаецца з паркавай зонай невялікімі курцінамі з елак, хвояў і клёнаў. Кампазіцыя парку (плошча 4 га) — прыклад перабудовы рэгулярнага парку (элементы якога зберагліся) у пейзажны. Рэгулярны парк складаўся з дзевяці аднолькавых баскетаў, якія дзяліліся чатырма падоўжанымі і чатырма папярочнымі алеямі з круглымі пляцоўкамі на перакрыжаваннях. Пры перабудове парку ў пейзажны высаджаныя экзоты і дэкаратыўны хмызняк, на месцы падоўжаных алей зробленыя маляўнічыя палянкі. Сярод насаджэнняў парку лепшы ў рэспубліцы экзэмпляр бярозы далекарлійскай (вышыня 17 м, дыяметр ствала 58 см), рэдкі на Беларусі кедр еўрапейскі калонападобны (вышыня 12 м, дыяметр ствала 48 см).
На тэрыторыі былой сядзібы размешчана школа. Комплекс — помнік рэспубліканскага значэння.
== Літаратура ==
Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.