
Сядзібна-паркавы комплекс Дабрынецкіх — колішняя сядзіба ў вёсцы Вельямовічах Брэсцкага раёна. Захаваўся пейзажны парк.
== Гісторыя ==
Сядзіба вядома з XVI стагоддзя. Паводле «Кнігі запісаў» сяло Вельямовічы ў 1558 годзе размяшчалася каля возера і мела мяжу з выганамі маёнтка Бярніцкага і сёламі Таратунавічы, Памаранцы, Семянічкі. У 1772 годзе вёска мела назву Вілановічы.
3 1862 года маёнтак Вельямовічы належаў роду Юльяна Канапінскага, пасля задушэння паўстання Кастуся Каліноўскага канфіскаваны і распрададзены. Напярэдадні Першай сусветнай вайны тут былі два фальваркі. Адна сядзіба належала роду Саковічаў, другая — Дабрынецкім. Пасля вайны Саковіч адну частку фальварка прадаў Ялавіцкаму, другую — Дабрынецкім.
Пасля Другой сусветнай вайны невялікі Вельямовіцкі палац быў поўнасцю знішчаны.
== Парк ==
Рэшткі пейзажнага парку займаюць плошчу каля 3 га. Парк у плане мае форму прамавугольніка. Пейзажная частка парку размешчаная перад парадным партэрам, абмежавана па заходнім краі дзвюма сажалкамі. У асноўным растуць ліпа, ясень, граб, клён, конскі каштан і інш. За паркавым партэрам размяшчаўся невялікі сад з прагулачнымі маршрутамі па грабавай алеі, уздоўж ліпавай пасадкі і глыбокага яра з ручаём.
Парк захаваўся амаль у ранейшых межах, але здзічэў, зарос хмызняком, сажалкі забруджаны.
== Літаратура ==
Несцярчук Леанід Міхайлавіч. “Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны X-XX стагоддзяў (гісторыя, стан, перспектывы)”. Мінск, БЕЛТА, 2002 год. 334 страницы. ISBN 985-6302-37-4.