
Сядзібна-паркавы ансамбль Мірскіх — помнік сядзібна-паркавай архітэктуры ў вёсцы Камянполлі Мёрскага раёна Віцебскай вобласці. Пабудаваны ў канцы ХІХ — пачатку XX стагоддзя.
Занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэгіянальнага значэння. Уключае сядзібны дом, парк і пладовы сад. Гаспадарчыя будынкі — кузня, лядоўня, стайня — страчаны.
== Гісторыя ==
Да пачатаку XVII стагоддзя Камянполле ўваходзіла ў склад маёнтка з цэнтрам у Мёрах і належала Рылам гербу Вянява. У 1640 годзе Крыштаф Рыла прадаў маёнтак Камянполле Себасцьяну Мірскаму, які ў наступным годзе фундаваў у ім драўляны касцёл.
На пачатку XVIII стагоддзя маёнткам валодаў лоўчы браслаўскі Ян Станіслаў Святаполк-Мірскі (~1690—1761), які заснаваў «камянпольскую лінію» Святаполк-Мірскіх. Наступнымі ўладальнікамі сядзібы былі яго сын Антоні (1776— пасля 1778), унук Ян (?—пасля 1788), праўнук Іван (1795—1849). Потым маёнткам валодалі сын Івана Віслаў (1828—1885) і яго сын Іван (1869—1920). Апошнім уладальнікам Камянполля быў сын Івана Віслаў Святаполк-Мірскі (1896—1951).
У 1811 годзе ў сядзібе пражывалі 250 чалавек. Па звестках 1883 года, налічвалася 2395 дзесяцін зямлі. У 1931 годзе ў маёнтку насялялі 120 чалавек.
Пасля Другой сусветнай вайны ў сядзібе дзейнічала школа.
== Архітэктура ==
=== Сядзібны дом ===
Пабудаваны ў 1873 годзе ў паўднёвай частцы парку, перабудаваны ў 1970-х гадах. Аднапавярховы прамавугольны ў плане мураваны будынак, накрыты двухсхільным дахам з мансардай у цэнтры. Пры ўваходзе шасцікалонны ганак. Планіроўка калідорная. У інтэр’еры зберагліся две кафляныя грубкі ХІХ стагоддзя ў стылі класіцызму, аздобленыя барэльефнымі медальёнамі.
Пры Мірскіх у будынку захоўваўся збор кніг і партрэтаў. Пасля вайны сядзібны дом выкарыстоўваўся як клуб і праўленне калгаса, у цяперашні час закінуты.
=== Стайня ===
Размяшчалася каля пад’язной дарогі, насупраць сядзібнага дома. Узведзена ў 1907 годзе ў стылі мадэрну з рысамі неаготыкі. Кампазіцыя яе галоўнага фасада сітметрычная, трохчасткавая. Праезд па цэнтральнай восі будынка і бакавыя часткі галоўнага фасада аформлены шчытамі.
У 1990-я гады былі спробы аднавіць будынак, аднак гэтага не адбылося. У канцы 2019 года мясцовы райаграсэрвіс знёс стайню з мэтай добраўпарадкавання тэрыторыі. Яна не была прызнана помнікам гісторыка-культурнай спадчыны, і па словах дэрыктара райаграсэрвіса «адслужыла свой тэрмін», з’яўлялася «спісаным, патэнцыйна небяспечным аб’ектам».
Міністр культуры Беларусі Юрый Бондар заявіў, што разбурэнню стайні будзе дадзена прававая ацэнка.
=== Парк ===
Невялікі парк рэгулярнага тыпу з сістэмай прамавугольных каналаў размешчаны на раўніннай тэрыторыі з паўночнага захаду ад сядзібнага дома. У цэнтры кампазіцыі парку прамавугольны партэр (плошча 1 га), абмежаваны па перыметры ліпавымі алеямі і абкружаны фруктовым садам. Баскетам замыкаецца кампазіцыйная вось парка, уздоўж якой высаджана доўгая алея з дуба.
Арыгінальнасць парка вызначаецца таксама наяўнасцю воднай сістэмы ў выглядзе вялікага вадаёма, вузкіх каналаў у баскеце і акружнога канала, які адводзіў лішак вады ў Асінаўскае возера. Як і ў іншых пейзажных парках, у Камянполлі насыпаны невялікі відавы ўзгорак.
=== Капліца ===
Пабудавана ў пачатку XX стагоддзя з дрэва, верагодна, на месцы старога храма, узведзенага ў 1762—1777 гадах італьянскім архітэктарам Антоніем Паракам, і колішняга парафіяльнага касцёла 1641 года, заснаванага Себасцьянам Святаполк-Мірскім. Выгляд капліцы вядомы па фотаздымку Яна Балзункевіча. Не захавалася.
Твор народнага дойлідства. Была вырашана простым чатырохсценным зрубам пад двухсхільным гонтавым дахам, які над галоўным фасадам завяршаўся чатырохграннай шатровай вежай-званіцай. Уваход вылучалі двухслуповы ганак пад двухсхільным пакрыццём і лучковае акно хораў над ім. Памяшканне асвятлялася такімі ж двума бакавымі вокнамі ў простых ліштвах. Гарызантальна ашаляваныя фасады чляніліся брусамі-сцяжкамі.
=== Лядоўня ===
Часам згадваецца як лямус. Знаходзілася цераз дарогу ад сядзібнага дома. Кампактны квадратны ў плане двух’ярусны будынак. Верхні ярус з галерэяй вертыкальна ашаляваны і аддзелены ад ніжняга карнізам. Дах чатырохсхільны, з заломам. Не захавалася.
== Зноскі ==
== Літаратура ==
Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
Каменпольская усадьба // Белорусская ССР: Краткая энциклопедия. В 5-ти т. Т. 4. / Ред. колл.: П. У. Бровка и др.. — Мн.: Гл. ред. Белорус. Сов. Энциклопедии, 1981. — Т. 4. — 712 с. — 50 000 экз.
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1985. — Віцебская вобласць. — 496 с., іл.
Каменпольская усадьба // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. — Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. — Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. — Кн. 1.