
Палацава-паркавы комплекс Войніч-Сянажэцкіх (таксама вядома як Сядзіба Халецкіх) — помнік архітэктуры класіцызму. Пабудаваны канчаткова ў пачатку XIX ст. у в. Хальч (Веткаўскі раён) у былым маёнтку Халецкіх, на правым беразе р. Сож. У пачатку XX ст. належаў Сянажэцкім.
== Гісторыя ==
Вёску Хальч у 1437 годзе Свідрыгайла Альгердавіч падарыў нашчадку шляхецкага роду Халецкіх, якія ў другой палове XVII стагоддзя пабудавалі тут касцёл і кляштар езуітаў.Сядзібны дом адносіцца да XVI—XVIII ст. Адзін з прадстаўнікоў роду Халецкіх ажаніўся з князёўнай з роду Радзівілаў і атрымаў Ветку ў якасці пасагу, пазней вырашана было прадаць Ветку і адбудаваць у Хальчы маёнтак. Узвядзенне комплексу было закончана ў пачатку XIX стагоддзя.Халецкія валодалі палацам і сядзібай да 1812 года. Калі Напалеон уступіў на гэтую тэрыторыю, яны прынялі яго бок. Пасля паразы французскай арміі Халецкія назаўжды пакінулі гэты край. Іх сядзібу канфіскавалі і прадалі з таргоў аднаму з прадстаўнікоў мясцовага шляхецкага роду Войніч-Сянажэцкіх.Падчас паўстання Кастуся Каліноўскага ўладальнік сядзібы Аляксандр Сянажэцкі хаваў у доме паўстанцаў. Пасля Аляксандра ўладальнікам маёнтка становіцца Зігмунд Войніч-Сянажэцкі, які ўславіў маёнтак балямі і паляваннем.У 1887 годзе госцем маёнтка стаў беларускі мастак Напалеон Орда, які і зрабіў замалёўку ўсяго маёнтка.Пасля прыходу да ўлады бальшавікоў сядзібу адабралі і апошні нашчадак Войніч-Сянажэцкіх быў расстраляны. У часы савецкай улады сядзіба была прытулкам для бездаглядных дзяцей, потым яе пераабсталёўвалі для турмы НКУС, куды прысылалі «ворагаў народа». У другой палове XX стагоддзя сядзібны дом быў турмой для жанчын з дзецьмі, якую пазней расфармавалі.
== Архітэктура ==
Палац стаяў у цэнтры сядзібнага ансамбля, які складаўся з галоўнага двухпавярховага корпуса і двух бакавых аднапавярховых флігеляў (не зберагліся), якія абмяжоўвалі парадны двор з рэгулярна спланаваным партэрам.
=== Палац ===
Палац — кампактны прамавугольны ў плане аб’ём, накрыты вальмавым дахам. Першы паверх мураваны, апрацаваны рустам, другіі драўляны, атынкаваны. Цэнтральная частка з двухсхільным дахам вылучаная на галоўным фасадзе шасцікалонным іанічным порцікам, узнятым з дапамогай масіўных пілонаў на ўзровень другога паверху, а на паркавым фасадзе — паўкруглай тэрасай з каланадай на першым паверсе. З усходняга боку аднапавярховая прыбудова з дадатковым уваходам. Планіроўка калідорная. Парадныя памяшканні і галоўная зала на другім паверсе мелі выхады на балкон галоўнага фасада і паркавую тэрас