
Касцёл Найсвяцейшай Тройцы на Залатой Горцы (таксама вядомы як Касцёл Святога Роха) —
рымска-каталіцкі храм на Залатой Горцы ў Мінску.
Адміністрацыйна адносіцца да Залатагорскага дэканата Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Помнік архітэктуры рэтраспэктыўна-гатычнага стылю. Уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь (код 712Г000193). Адрас — пр. Незалежнасці, 44А.
Гісторыя
Каталіцкая парафія Найсвяцейшай Тройцы ў Мінску была заснавана ў XIV ст. каралём Ягайлам, найстарэйшая каталіцкая грамада горада, пра якую захаваліся звесткі[1]. На ахвяраванні караля пабудаваны драўляны храм на Троіцкай гары, аднак у 1409 годзе ён цалкам згарэў. Адбудаваны драўляны касцёл згарэў у пажары 1809 года. Былі планы яго аднаўлення, але праз брак сродкаў не ажыццявіліся. У 1832 годзе парафіяльным храмам стала драўляная капліца Святога Роха на Залатагорскіх каталіцкіх могілках, пабудаваная ў 1796 годзе.
У 1842 годзе капліца была адрамантавана і перароблена ў касцёл. Аднак ужо ў 1850 годзе было прызнана, што немэтазгодна падтрымліваць рамантаваннем драўляны касцёл, лепей пабудаваць новы мураваны.
Праект быў прадстаўлены імператару і зацверджаны ім 6 ліпеня 1861 года. Аўтар праекта — акадэмік Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў М. Сівіцкі (кіраваў будаўніцтвам ксёндз Ф. Гарбачэўскі). Храм у неагатычным стылі ўзводзілі на сродкі атрыманыя праз збор ахвяраванняў, іх збіралі не толькі каталікі, але і вернікі іншых канфесій і рэлігій у знак падзякі святому Роху, які, як лічылася, выратаваў горад ад эпідэміі халеры[1].



На працягу 1902—1905 гадоў у касцёле адбываюцца некаторыя рамонтныя работы. Была адрамантавана званіца, уваход, закрыстыі, заменены аконныя рамы, рэстаўрыраваны некаторыя абразы, пазалочаны і пасярэбраны алтары, жырандоль і інш. У 1905 годзе арган перароблены на вінклевую сістэму.
У сувязі з павелічэннем прыходу да 9000 вернікаў, у 1903 годзе прыхаджане хадайнічаюць пра дазвол на пашырэнне існага касцёла. У 1904 годзе варшаўскі архітэктар Дзяконскі зрабіў праект пашырэння Залатагорскага касцёла, запраектаваў крыжападобную ў плане прыбудову да правай фасаднай сцяны. Але касцельны камітэт адхіліў гэты і наступны, зроблены інжынерам Шабуневічам, праекты.
Апошняе дарэвалюцыйны апісанне касцёла датавана 1908 годам: «Касцёл каменны, гатычнай архітэктуры, з 12 вокнамі, быў накрыты жалезам, у даўжыню 12,5 сажні, у шырыню 4 і 2/3 сажні, у вышыню каля 5 сажняў». Будынак меў таксама двухпавярховую вежу, у якой размяшчаліся званы — «Леанард», «Стэфан» і «Браніслава». Над алтаром знаходзілася старажытная ікона Божай Маці з дзіцем, побач — выява Найсвяцейшай Тройцы. Бакавыя алтары насілі імёны святога Роха і святога Антонія. У першым з іх размяшчалася драўляная скульптура святога Роха, якая лічылася цудатворнай. Ля ўваходу знаходзілася агароджа з брамай, выкананымі ў 1896 годзе. Непадалёк ад касцёла мелася некалькі драўляных будынкаў: дом лесніка, багадзельня, дрывяны двор.
У 1922 годзе з касцёла былі рэквізаваны ўсе каштоўнасці і богаслужэбная начынне. У 1930-я гады храм быў зачынены, тады ж знікла і шанаваная статуя св. Роха[3].
У чэрвені 1941 года Залатагорскі касцёл моцна пацярпеў ад баявых дзеянняў. У час Вялікай Айчыннай вайны згарэў дах. Набажэнствы аднавіліся на кароткі час падчас фашысцкай акупацыі Мінска, але адразу пасля заканчэння вайны будынак быў прыстасаваны пад кнігасховішча Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
У пасляваенныя гады могілкі вакол будынка храма былі знішчаны, а вакол пабудаваны жылыя дамы, пасля чаго былы храм апынуўся ўнутры квартала.
У 1976 годзе ў Спецыяльных праектна-рэстаўрацыйных майстэрнях Міністэрства культуры БССР пачаліся праектныя работы па рэстаўрацыі Залатагорскага касцёла. Пасля рэстаўрацыі 1983—1984 гадоў будынак касцёла прыстасаваны пад залу камернай музыкі Белдзяржфілармоніі (аўтар праекта А. І. Малахоўскі). У цэнтры алтара ўстаноўлены арган чэхаславацкай вытворчасці, а вокны ўпрыгожаны вітражамі.
З 1991 годзе ў храме ў вольны ад канцэртаў час вяліся богаслужэнні. У 1998 годзе статуя св. Роха, зробленая з металу скульптарам Валяр’янам Янушкевічам, была размешчана ў правым алтары на тым жа месцы, дзе размяшчалася зніклая гістарычная. У 2006 годзе зала камернай музыкі быў закрыта, а будынак цалкам вернуты рымска-каталіцкай парафіі Найсвяцейшай Тройцы (Святога Роха). Першым пробашчам адроджанай парафіі святога Роха быў прызначаны Міхаіл Сапель.
У савецкія часы, калі помнік рамантавалі для абсталявання тут філарманічнай залы, быў няслушна сканструяваны дах. З 2013 года на сценах святыні бачна павуцінку расколаў. Памылкі парафія спрабавала выправіць, грошы на замену даху ахвяравалі вернікі і спонсары, але на аднаўленне сцен сродкаў не хапіла. Таму парафія ў 2018 годзе вырашыла шукаць матэрыяльную дапамогу праз краўдфандынгавую платформу.
Архітэктура

Касцёл — помнік архітэктуры рэтраспектыўна-гатычнага стылю. Аднанефавы, аднавежавы, прамавугольны ў плане, з пяціграннай апсідай. Мае сіметрычную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю. Накрыты двухсхільным дахам. Галоўны фасад завершаны двух’яруснай прамавугольнай у плане вежай пад чатырохсхільным шатром. Абапал франтона — дэкаратыўныя вежачкi. Фасады будынка расчлянёны стылізаванымі трохступеньчатымі контрфорсамі, члянёны стральчатымі нішамі з аконнымі праёмамі. Па перыметры сцены завершаны развітым карнізам. Уваход вырашаны ў выглядзе высокага спічастага партала.
Інтэр’ер пабудовы мае сіметрычную кампазіцыю. Цэнтральны неф і апсіда перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі. У нартэксе — крыжовае скляпенне. Унутраная паверхня сцен дэкарыравана пілястрамі, завершанымі карнізамі. Вокны дэкарыраваны арнаментальным вітражом.