Стан : Страчана
Архітэктурны стыль : віленскае барока
Датаванне : 1623
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Касцёл_Святога_Яна_Хрысціцеля_і_кляштар_бернардзінцаў_(Брэст)
Дата страты : 1941-45

Касцёл Святога Яна Хрысціцеля і кляштар бернардзінцаў — рымска-каталіцкі сакральны комплекс, які існаваў у Брэсце ў 1605—1830 гг. Знаходзіцца ў Валынскім прадмесці, на гістарычнай Бернардзінскай плошчы, пры ўтоку ракі Мухаўца ў Буг. Помнік архітэктуры віленскага барока.
Утвараў адзіны комплекс з касцёлам Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштарам бернардзінак.

== Гісторыя ==

Заснаваны луцкім біскупам Марцінам Шышкоўскім y Валынскім прадмесці Брэста пры ўпадзенні р. Мухавец y Буг. Побач з драўлянымі будынкамі была і мураваная капліца Св. Дароты. Пасля пажару 1617 года кляштар адбудаваны на сродкі ваяводы мсціслаўскага і старосты берасцейскага Гераніма Хадкевіча.

У 1623 годзе Я. Галімскі пры фінансавай падтрымцы канцлера вялікага літоўскага Льва Сапегі збудаваў мураваны касцёл Яна Хрысціцеля і Св. Ганны — трохнефавая базіліка з закрытай галерэяй. Да касцёла прылягаў мураваны будынак кляштара, y якім у 1647 годзе жыло 30 манахаў. У спецыяльна прыбудаванай да касцёла капліцы знаходзілася копія абраза «Маці Божая» з рымскага храма Санта Марыя Маджорэ, атрыманая Іпаціем Пацеем ад Папы Рымскага Клімента VIII разам з візантыйскім абразом «Хрыстос».
Кляштар значна пацярпеў y час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 гг. У якасці кампенсацыі кляштар атрымаў з дзяржаўнага скарбу 80 тыс. злотых, датацыі караля Яна Казіміра і Паўла Сапегі, які завяшчаў пахаваць яго ў адбудаваным касцёле. У 18 ст. праведзена рэстаўрацыя, тут працаваў архітэктар і мастак Б. Мазуркевіч, алтары аднаўляў разьбяр Я. Бяляўскі.
3 пачатку 19 ст. пры кляштары дзейнічала школа. У час будаўніцтва Брэсцкай крэпасці ў 1830 годзе памяшканні кляштара і касцёла перабудаваны па праекце архітэктара Мардзвінава пад Брэсцкі кадэцкі корпус. Для царквы кадэцкага корпуса былі заказаны роспісы мастаку В. Бажэнаву. У 1854 г. корпус быў пераведзены ў Маскву, а будынак стаў выкарыстоўвацца як ваенны шпіталь.

Разбураны ў час Вялікай Айчыннай вайны.

== Архітэктура ==
Касцёл Яна Хрысціцеля ўяўляў сабой трохнефавую базіліку з павышаным цэнтральным нефам, які быў перакрыты крыжовымі скляпеннямі на падпружных арках, і больш нізкімі бакавымі, якія завяршаліся купальнымі скляпеннямі. Цэнтральны неф пераходзіў у выцягнуты прэсбітэрый даўжынёй 19,7 м, завершаны паўцыркульнай алтарнай апсідай. З поўдня да бакавога нефа была прыбудаваная квадратная ў плане капліца. Бязвежавы галоўны фасад, падзелены карнізамі на чатыры ярусы, вертыкальна быў расчлянёны вязкамі пілястраў на тры часткі: сярэдняя завяршалася трохвугольным франтонам, бакавыя мелі стылізаваныя валюты. Над франтонамі і вязкамі пілястраў узвышаліся скульптуры. Сцены касцёла расчлянёныя арачнымі аконнымі праёмамі. Галоўны алтар у апсідзе і восем у бакавых нефах былі вырашаны ў стылі барока. Да паўночнай сцяны касцёла прымыкала закрытая галерэя. двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак кляштара з рызалітам у паўночнай частцы прылягаў да прэсбітэрыя. Рызаліт і тарэц кляштара, умацаваныя контрфорсамі, завяршаліся барочнымі атыкавымі франтонамі з валютамі.

== Літаратура ==
Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).
Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X, с. 101-102.

Стан : Страчана
Архітэктурны стыль : віленскае барока
Датаванне : 1623
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Касцёл_Святога_Яна_Хрысціцеля_і_кляштар_бернардзінцаў_(Брэст)
Дата страты : 1941-45
Асаблівасці
Водгукі
Тут яшчэ няма водгукаў.
Пакіньце водгук
Трэба каб пакінуць водгук.
Злучанныя аб'екты