
Касцёл Святога Станіслава — колішні рымска-каталіцкі храм у в. Маляцічы Крычаўскага раёна.
Гісторыя
Касцёл пабудаваны ў 1787—1794 гг. паводле праекта архітэктара Лаўрына Стуока-Гуцэвіча па замове магілёўскага архібіскупам С. Богуш-Сестранцэвіча. Будаўніцтвам кіраваў вучань Стуока-Гуцэвіча архітэктар Я. Падчашынскі. Храм быў прысвечаны нябеснаму патрону архібіскупа і па яго жаданні ўяўляў сабой, як лічаць, паменшаную ў 8 разоў не зусім дакладную копію сабора Святога Пятра ў Рыме.
Пасля паўстання 1830—1831 гг. кляштар дамініканцаў у Маляцічах зачынілі, касцёл перарабілі пад праваслаўную царкву, а ў 1934 г. цалкам зруйнавалі.
Архітэктура
Касцёл уяўляе сабой трохнефную крыжова-купальную базіліку. Складаецца з асноўнага прамавугольнага ў плане аб’ёму і бакавых паўкруглых у плане каланад, якія ўтваралі невялікую авальную плошчу перад будынкам. Асноўны аб’ём завяршаўся купалам на сяродкрыжжы (на глухім шматгранным барабане), абапал яго на рамёнах трансепта былі два невялікія купалы. Надзвычай шырокі і грувасткі галоўны фасад асноўнага аб’ёма меў ярусную кампазіцыю: ніжні (на ўзроўні другога паверху), раскрапаваны пілястрамі і трохчвертнымі калонамі, меў паўцыркульныя і прамавугольныя вокны і нішы, аформленыя франтончыкамі, і завяршаўся трохвугольным франтонам у цэнтры; верхні раскрапаваны пілястрамі, паміж якімі былі прамавугольныя вокны і нішы, завяршаўся атыкам і пакатым франтонам, які адсутнічае на фасадзе рымскага сабора.
Літаратура
- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
- Тамара Габрусь. Святыні ордэна прапаведнікаў // «Наша Вера» № 1 (27), 2004.
- Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X, с. 234.