
Касцёл Святой Кацярыны і кляштар бенедыкцінак (літ.: Šventos Kotrynos bažnyčia, польск.: kościół Śwętej Katarzyny) — рымска-каталіцкі культавы комплекс у Вільнюсе, выдатны помнік архітэктуры віленскага барока. Ансамбль касцёла Святой Кацярыны і будынак кляштара бенедыкцінак уключаны ў Рэгістр культурных каштоўнасцяў Літоўскай Рэспублікі, код 643, ахоўваецца дзяржавай як аб’ект нацыянальнага значэння. Размяшчаецца ў Старым горадзе па вуліцы Вільняўс, 30 (Віленская,Vilniaus g. 30). Кляштар — буйнейшы архітэктурны ансамбль эпохі барока ў Вільні.
Ансамбль бенедыкцінскага кляштара размешчаны ў квартале, абмежаваным вуліцамі Бянядзікціню (Бенедыкцінскай, Benediktinių g.), Шв. Ігнота (Святога Ігнація, Šv. Ignoto g.), Вільняус (Віленскай, Vilniaus g.), мяжуючы на паўднёвым усходзе з тэрыторыяй дамініканскага кляштара.
== Гісторыя ==
Каля 1620 года кляштар спрабавалі заснаваць Мікалай і Кацярына Гарадзіскія, якія ў сваёй камяніцы размясцілі некалькі манашак э Нясвіжа, але яны памерлі, не паспеўшы ўзаконіць фундацыю. Рэальным фундатарам кляштара стаў у 1622 годзе біскуп А. Валовіч, які запрасіў яшчэ 12 манашакі ўзяў будаўніцтва пад сваю апеку.
У XVII—XVIII стст. налічвалася каля 30—40 законніц, меўся навіцыят, існавала школа (да 1843). Віленскія бенедыкцінкі выдавалі досыць многа кніжак, асабліва ў XVIII ст., іх бібліятэка па колькасці была другой у хэлмінскай кангрэгацыі (цяпер у Літоўскай нацыянальнай бібліятэцы імя Марцінаса Мажвідаса). 3 1625 кляштару належаў маёнтак Вязынь (Ашмянскі павет).
Касцёл Св. Кацярыны ўпершыню асвячоны ў 1632. У 1650 годзе пабудаваны мураваны касцёл: аднанефавы, перакрыты цыліндрычным скляпеннем з люнетамі, выцягнуты прэсбітэрый закончаны паўцыркульнай апсідай. Пашкоджаны ў вайну 1655—1661 гадоў пры штурме горада маскоўскімі войскамі.
Росквіт кляштара прыпадае на канец XVII стагоддзя — пачатак XVIII стагоддзя. У 1682 годзе кляштар набыў Галін і Парудаміну, таксама браў у застаў шматлікія вёскі і фальваркі на Віленшчыне і Меншчыне