Архітэктурны стыль : класіцызм
Датаванне : 1798
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Сабор_Святога_Іосіфа_(Магілёў)

Сабор Святога Іосіфа — колішні праваслаўны кафедральны сабор на Саборнай плошчы ў Магілёве. Узведзены выдатным рускім архітэктарам Мікалаем Львовым ў класіцыстычным стылі. Адзін з найбольш ранніх помнікаў класіцызму ў культавай архітэктуры Беларусі.

== Гісторыя ==

Будаваўся ў 1780—98 гг. з цэглы за казённы кошт паводле загада імператрыцы Кацярыны II у гонар сустрэчы з аўстрыйскім манархам Іосіфам II. 29 мая 1780 г. манархі ў памяць аб сваёй сустрэчы паклалі камяні ў падмурак будучага храма. Праект храма быў адзначаны на конкурсе ў Пецярбургу 1-й прэміяй.
Тэхнічнае кіраўніцтва будаўніцтвам ажыццяўляў архітэктар Вісарыён Міхайлавіч Паўлаў, пасля завяршэння якога ён выканаў інвентарызацыйныя чарцяжы і падрабязнае апісанне будынка.
У 1802 г. загадам Сінода храм атрымаў статус кафедральнага. У 1932—1937 гг. у будынку сабора дзейнічаў музей гісторыі рэлігіі і атэізму. У 1937 г. Урадам БССР прынята рашэнне аб рэканструкцыі горада з далейшым пераносам сталіцы з Мінска ў Магілёў. У тым жа годзе сабор Св. Іосіфа руйнуюць, на яго месцы пачалося будаўніцтва гасцініцы «Дняпро» (дабудавана ў 1939 г.).
У кастрычніку 2011 г. намеснік старшыні Магілёўскага гарвыканкама Ігар Шардыка паведаміў, што сабор трапіў у лік першых у чарзе на аднаўленне разбураных помнікаў архітэктуры Магілёва. Адзін з верагодных варыянтаў аднаўлення сабора — у фармаце канцэртнай залы. Верагодна, што царкву адновяць на іншым, негістарычным, месцы (якое зараз занята гасцініцай).

== Архітэктура ==

Строгі і кампактны па аб’ёме сабор амаль быў пазбаўлены ўпрыгожанняў. Храм быў увянчаны пакатым купалам на барабане, прарэзаным дванаццаццю круглымі вокнамі, а ў бок плошчы рэзка выступаў дарычным шасцікалонным порцік, характэрны для архітэктуры класіцызму.

Нягледзячы на параўнальна невялікія памеры, будынак адрозніваўся манументальнасцю дзякуючы ўдала знойдзеным прапорцыям і адсутнасці дэкаратыўных дэталей, якія адцягвалі б увагу.
Ва ўнутранай прасторы тактоўна і паступова быў вырашаны пераход ад строгага і сціплага фасада да прыбранага і святочнага інтэр’ера, дзе з напаўцёмнага ўваходу і цэнтральнай часткі, аформленай стройнымі іанічнымі калонамі, погляд накіроўваўся да ярка асветленага верхнім святлом алтарнага ўзвышэння і акон ва ўсходняй сцяне. На гэтым узвышэнні стаялі прыбраныя «шаты» — ратонда з калон карынфскага ордара. Знутры ўзнімаецца над асноўным аб’ёмам гарманічная паўсфера купала, у якім была выкарыстана канструкцыя падвойнага купала, што дазваляла прапускаць роўнае, рассеянае святло ўнутр царквы.
Роспісы і іконы на медных дошках былі выкананы сябрам архітэктара — вядомым рускім майстрам партрэта Уладзімірам Баравікоўскім. У 1784 годзе з Шатландыі быў запрошаны каменных спраў майстар Адам Менелас.

Іконы Баравікоўскага

== Зноскі ==

== Літаратура ==
А. М. Кулагін «Праваслаўныя храмы на Беларусі». Мінск, Беларуская Энцыклапедыя, 2001

Архітэктурны стыль : класіцызм
Датаванне : 1798
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Сабор_Святога_Іосіфа_(Магілёў)
Асаблівасці
Reviews
There are no reviews yet, why not be the first?
Leave a Review
You must be to post a review.
Related Listings