
Свята-Ільінская царква — праваслаўны храм у цэнтры агагарадка Ілья Вілейскага раёна.
Афіцыйны адрас: вул. 17 Верасня, 38, аг. Ілья, Вілейскі раён, Мінская вобласць. Да прыхода прыпісана капліца Святых апосталаў Пятра і Паўла ў в.Казлы.
Настаяцель: протаіерэй Нікончык Віктар Іванавіч.
== Гісторыя ==
Пабудавана ў 1828 годзе з дрэва, за час свайго існавання царква не зачынялася, адноўлена ў 1990-я і 2010-ыя гг. Паводле здымка Я. Балзункевіча ў пачатку ХХ стагоддзя, царква размяшчалася на ўзвышшы, а агароджа была тынавай. Шалёўку франтона ўпрыгожвалі геаметрычныя ўзоры.
== Архітэктура ==
Помнік народнага дойлідства з рысамі стылю «мадэрн». Прамавугольнае ў плане збудаванне пад стромкім трохсхільным дахам з вальмай над алтарнай часткай, якая завершана макаўкай на чатырохгранным барабане. Галоўны фасад вырашаны ў выглядзе галерэі (падсені) на чатырох слупах, якія абапіраюцца на цагляны падмурак. Трохвугольны франтон з нішай у выглядзе абрыса купала-цыбуліны. Маленькі бабінец з бакавымі дзвярамі звернуты ўнутр царквы. Над ім — хоры на квадратных слупах. Ашаляваныя сцены прарэзаны высока ўзнятымі прамавугольнымі аконнымі праёмамі і ўмацаваны брусамі-сцяжкамі ў прасценках.
== Інтэр’ер ==
У агульных габарытах малітоўнай залы перагародкамі вылучаны невялікі прытвор, над якім створаны хоры, і прамавугольная апсіда з бакавымі рызніцамі, вылучаная драўляным трох’ярусным іканастасам, дэкарыраваным накладной разьбой.
== Зноскі ==
== Літаратура ==
Збор помнікаў гісторыі і культуры. Мінская вобласць. Кніга 1
Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.
Памяць. Вілейскі раён. // — Мн.: БелТА., 2003. — 704 с. — (Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларуі.). — 3000 экз. — ISBN 985-6302-56-0.