
Свята-Іаана-Прадцечанская царква — колішні праваслаўны храм у вёсцы Вялікая Каўпеніца (Баранавіцкі раён), размяшчалася адасоблена ад яе, каля могілак і шашы Мінск-Баранавічы. Помнік народнага драўлянага дойлідства XVIII ст.
== Гісторыя ==
Узведзена ў 1781 годзе за кошт Віленскага рымска-каталіцкага духавенства. Пры царкве царкве знаходзілася, пабудаваная асобна званіца з пяццю званамі. Па стане на 1864 год пры царкве знаходзілася казённае вучылішча для дзяцей. Да яе належала прыпісная Сачыўская Праабражэнская драўляная царква. Настаяцелем прыхода ў 1879 годзе з’яўляўся протаіерэй Мікалай Савіч, высвечаны ў 1837 годзе.
Згарэла ў 1970-я гг. У пачатку XXІ стагоддзя на месцы царквы быў усталяваны памятны крыж.
== Архітэктура ==
Царква мела крыжовую форму плана — да асноўнага зруба далучаліся 3 прытворы і апсіда з бакавымі рызніцамі. На галоўным фасаде ўзвышалася чацверыковая званіца з макаўкай. Двухсхільны дах пераходзіў над апсідай у гранёны вальмавы і быў завершаны па цэнтры і над апсідай макаўкамі. Фасады крапаваліся вертыкальнымі брусамі-сцяжкамі, прамавугольнымі вокнамі, поясам цокаля, прафіляваным карнізам. У малітоўную залу шырокімі прасветамі расчыняліся бакавыя прыдзелы і апсіда.
== Літаратура ==
Памяць. Баранавічы. Баранавіцкі раён. Мінск, Белта, 2000, стар 647.
Историко-статистическое описание Минской епархии, составленное ректором Минской духовной семинарии Архимандритом Николаем, Санкт-Петербург, 1864, Новогрудский уезд, стар. 202—213.
Описание церквей и приходов Минской епархии, Минск, 1879.