Шыфр : 513Г000538
Архітэктурны стыль : псеўдарускі стыль
Датаванне : 1873
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Свята-Троіцкі_сабор_(Хоцімск)

Свята-Троіцкі сабор, або Свята-Троіцкая царква — праваслаўны храм у гарадскім пасёлку Хоцімску Магілёўскай вобласці. Размешчаны на вуліцы Кірава, 24.

== Гісторыя ==

Закладзены ў 1861 годзе ў гонар адмены прыгоннага права. У маі 1873 года на Пяцідзясятніцу магілёўскі архіепіскап Яўсевій асвяціў храм у гонар Святой Троіцы, а яго прыбудовы — у гонар Казанскай іконы Божай Маці і Мікалая Цудатворца.
У 1938 годзе савецкія ўлады зачынілі сабор, спалілі абразы ў двары райвыканкаму і разбурылі званіцу. Будынак прыстасоўвалі пад банк, школу механізацыі, збожжасховішча і Дом культуры.
У 1941 годзе нямецкія акупацыйныя ўлады дазволілі аднавіць набажэнствы ў саборы. У 1943 годзе яго пераўтварылі ў бастыён, але набажэнствы працягнуліся ў драўлянай капліцы на могілках. Пасля вайны будынак пераўтварылі ў збожжасховішча. У 1954 годзе ён быў перададзены пад Дом культуры і ў канцы 1960-х гадоў рэканструяваны (перакрыты другі паверх).
У 1990 годзе архімандрыт Кірыл Бадзіч сабраў звыш 8750 подпісаў прыхаджанаў за вяртанне сабора. У 1992 годзе будынак вярнулі прыходу. Прыхаджане пабудавалі 2 капліцы, агароджу і аднавілі вежы купалоў. У 2004 годзе для сабора ўпершыню ў Беларусі быў адліты звон вагой 1280 кг.
У 2011 годзе пры саборы быў заснаваны штогадовы нацыянальны фестываль званарства «Хоцімскія перазвоны». На 2013 год пры саборы працавала школа і духоўная гімназія на 170 дзяцей.

== Архітэктура ==
Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Будынак цэнтральнай крыжовай кампазіцыі: да кубападобнага ў плане цэнтральнага аб’ёму далучаны аднолькавыя аб’ёмы бакавых прыдзелаў і прытвора, паўкруглая апсіда з бакавымі рызніцамі.
Крылы храма накрыты пакатымі двухсхільнымі дахамі Цыбулепадобныя купалы на шатрах васьмігранных барабанаў завяршаюць вуглы і чатырохсхільны дах асноўнага аб’ёму, шацёр званіцы. У дэкоры фасадаў выкарыстаны элементы старажытнарускага царкоўнай архітэктуры атынкаваныя фасады апяразаны прафіляваным карнізам, крапаваны аркатурнымі фрызамі, надваконнымі броўкамі і арачнымі нішамі.
Унутры малітоўная зала падзелена на 3 нефы 4 магутнымі пілонамі, на якія праз парусныя скляпенні абапіраецца васьмігранны светлавы барабан з купалам. Нефы, прыдзелы і рызніцы перакрыты крыжовымі і цыліндрычнымі скляпеннямі, апсіда — конхай. Перад храмам пастаўлена белакаменная 3-арачная брама.

== Капліца ==
Побач з храмам у 1990-я гады пабудавана капліца ў гонар жыхароў горада, якія загінулі ў гады 1-й сусветнай, грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў.

== Зноскі ==

== Літаратура ==

Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Магілёўская вобласць. — 408 с., іл. — С. 344
Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4

Шыфр : 513Г000538
Архітэктурны стыль : псеўдарускі стыль
Датаванне : 1873
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Свята-Троіцкі_сабор_(Хоцімск)
Асаблівасці
Водгукі
Тут яшчэ няма водгукаў.
Пакіньце водгук
Трэба каб пакінуць водгук.
Злучанныя аб'екты