Сядзібна-паркавы ансамбль Валкавіцкіх — помнік сядзібна-паркавай архітэктуры другой паловы XVIII ст. Заснаваны ў в. Малая Бераставіца (Бераставіцкі раён). Захаваліся будынак крухмальнага завода, службовая пабудова, дом для працоўных і рэшткі парку. Сядзібны дом згарэў у 1980 — 1990-х гадах.
Архітэктура
Сядзіба была размешчана ў глыбіні панадворку, абмежаванага каналам і ставам. Прамавугольны ў плане аднапавярховы мураваны дом накрыты мансардавым дахам з люкарнамі ў абрамленні фігурных ліштваў. Па тарцах фланкіраваны драўлянай прыбудовай (XIX ст.) і рызалітам з паўвальмавым дахам. Галоўны ўваход — асіметрычны, вылучаны ганкам з лучковай стрэшкай на чатырох слупах. Фасады раскрапаваныя лапаткамі і расчлянёныя прамавугольнымі аконнымі праёмамі. Планіроўка анфіладная.
Літаратура
Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.