
Піпенберг — сядзіба, якая існавала ў канцы XVIII—XIX стст. на ўскраіне Магілёва.
== Гісторыя ==
Належала беларускаму генерал-губернатару Пятру Багданавічу Пасеку (1736—1804). Пасек меў пазашлюбнага сына Пятра (1779—1825), якога пяшчотна ў дзяцінстве называлі «Піпінка» — ад гэтага імя ўтворана назва сядзібы. Да яго ж, як адзінага сына Пятра Багданавіча, сядзіба перайшла па спадчыне. Затым яна была купленая Янчыным, які пазней падараваў сядзібу для галоўнай штаб-кватэры расійскай арміі.
1 студзеня 1865 г. на дачы Піпенберг адкрыта Магілёўская жаночая (Марыінская) гімназія з невялікім пансіёнам на 30 дзяўчынак. У 1872 г. гімназія набыла аднапавярховы мураваны будынак па Дняпроўскім праспекце ў Магілёве.
== Архітэктура ==
Ансамбль сядзібы размяшчаўся на дзвюх тэрасах правага берага Дняпра. На верхняй тэрасе па-над прамавугольным ставам стаяў сядзібны дом у стылі класіцызму з элементамі несапраўднай готыкі, на ніжняй — натуральныя і штучныя пасадкі, творы дойлідства малых форм (альтанкі, капліцы, статуі, амфітэатры і інш.). Цэнтр ансамбля — трохпавярховы мураваны прамавугольная ў плане гаспода ў стылі класіцызму (1780-я гады) з сіметрычнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыяй (захаваліся падмуркі). Цэнтр галоўнага фасада, арыентаванага на раку, быў вылучаны плоскім рызалітам, васьмікалонным порцікам і завяршаўся паўфрантонам. Вокны першага паверха прамавугольныя, другога і трэцяга — стральчатыя. Планіроўка мяшаная, у цэнтры размяшчалася прамавугольная ў плане парадная зала з выхадам на балкон. Вестыбюль, лесвіцы і іншыя дапаможныя памяшканні згрупаваны ў частцы дваравога фасада.
Сядзіба не збераглася. Уцалелі рэшткі падмуркаў, часткова збярогся парк.
== Зноскі ==
== Літаратура ==
Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.