Сядзі́бна-па́ркавы ко́мплекс Ляжэ́нскіх — былая сядзіба ў вёсцы Аранчыцы (цяпер у Пружанскім раёне Брэсцкай вобласці Беларусі).
== Гісторыя ==
Першую сядзібу збудавалі ў 1560 годзе тагачасныя ўладальнікі Аранскія, ад якіх атрымала назву вёска Аранчыцы. Пазней маёнтак перайшоў да Іжыцкіх, а пасля ў якасці пасагу панны Дэрамер дастаўся Ігнацыю Ляжэнскаму, афіцэру паўстання Касцюшкі. Магіла Юзэфы Ляжэнскай (у дзявоцтве Дэрамер) дагэтуль знаходзіцца на каталіцкіх могілках Пружан.
Па Ігнацыі Ляжэнскім уласнікамі маёнтку і двару ў Аранчыцах былі:
Фердынанд Ляжэнскі (1794—1858), пахаваны ў Пружанах
Баляслаў Ляжэнскі (†1917)
Павел Ляжэнскі (1880—1945), апошні ўласнік Аранчыц, дзед польскага пісьменніка Цэзарыя ЛяжэнскагаПа прыходзе бальшавікоў у 1939 годзе маёнтак быў разрабаваны. У 1943 годзе двор быў падпалены партызанскім аддзелам Арміі Краёвай пад камандаваннем капітана Войцеха Збілюта (польск.: Wojciech Zbilut) падчас сутычкі з немцамі і згарэў дашчэнту.
== Апісанне ==
Двор у Аранчыцах быў прамавугольны, 20×7 м. Дах гонтавы. З адваротнага боку хаты знаходзілася адкрытая веранда. Ганак падтрымлівалі 4 мураваныя калоны.
Маёнтак меў 2 стайні, каменны і драўляны хлявы, кароўнік, стадолу, хату на 4 сям’і, флігель.
Сядзібу атачаў парк плошчай 200×300 м з рыбнымі ставамі, пляжам і дзвюма алеямі.
== Зноскі ==
== Літаратура ==
Cezary Łeżeński. Ród Łeżeńskich na Białorusi(польск.) // Гістарычная брама. — 2003. — № 1 (21).