Сядзіба Віслоцкіх — колішняя сядзіба ў в. Лышчыцы Брэсцкага раёна.
== Гісторыя ==
Мемарыяльная сядзіба. Была размешчана за 1 км на паўночны захад ад чыгуначнай станцыі Лышчыцы. У склад Лышчыцкага маёнтка ўваходзілі фальваркі Люцыянава, Каралін і асада Лышчыцы.
Вёска Лышчыцы і маёнтак вядомы паводле пісьмовых крыніц з канца XV ст. Належалі вядомаму на Берасцейшчыне роду Лышчынскіх, які паходзіў з Вілейкі. У пачатку XVI ст. вёску, паводле каралеўскага прывілея, атрымаў Леў Лышчынскі. Ён меў трох сыноў: Канстанціна, Станіслава і Івана. Геранім, сын Канстанціна, быў бацькам Казіміра Лышчынскага, беларускага асветніка і мысліцеля, філосафа-атэіста.
Паводле даследавання А. Ваўжынчык, часткай лышчыцкіх зямель валодалі ў XVI ст. Хадкевічы. У прыватнасці, Аляксандр Хадкевіч у 1527 годзе атрымаў каралеўскае пацвярджэнне на трэцюю частку «дзедаўшчыны» і «касцюшкаўшчыны» ў Лышчыцах і Кустыні. Гэтыя надзелы завяшчаў яму пасля сваёй смерці Міхна Драбышэвіч Лышчынскі. Вядома таксама, што ў 1528 годзе Міхна Лышчынскі ставіў пад берасцейскую харугвы войска ВКЛ двух ваяроў, а яго сваяк Пронка Лышчынскі — аднаго ваяра.
У XVIII ст. маёнтак перайшоў да роду Віслоцкіх. Да паўстання 1863 года гаспадаром Лышчыц быў Люцыян Віслоцкі. Пасля Першай сусветнай вайны фальваркі Лышчыцкага маёнтка Люцыянава і Каралін былі падзелены і перададзены праз Віслоцкіх польскім асаднікам. У 1868 годзе ў Лышчыцах ужо існавалі ветраны млын і карчма, а ў 1917 годзе Клімент Віслоцкі ўзвёў драўляную царкву са званіцай. У другой палове XIX ст. Віслоцкія пабудавалі сядзібны дом і заклалі пейзажны парк. Дом быў драўляны, аднапавярховы з традыцыйным невялікім ганкам на драўляных слупах.
У час Другой сусветнай вайны дом знішчаны. Паводле падання старажылаў і мясцовых краязнаўцаў, адразу пасля вайны жыхары Лышчыц сабралі каменне ад падмуркаў старадаўняй сядзібы Лышчынскіх, насыпалі капец і пасадзілі на ім каштаны, якія захаваліся ў парку да цяперашняга часу.
Захаваліся рэшткі парку з дрэвамі мясцовых парод і сажалкай.
== Літаратура ==
Лышчыцы // Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны Х — XX стагоддзяў (гісторыя, стан, перспектывы) / Л. М. Несцярчук. —