Сядзіба Вольскіх — колішні сядзібна-паркавы комплекс у Жалезніцы Баранавіцкага раёна. Размешчаная над ракой Мышанкай.
== Гісторыя ==
Старадаўняя сядзіба. Паводле пісьмовых крыніц, Жалезніца вядома з 1471 года як маёнтак у складзе Вялікага Княства Літоўскага. Належаў Кежгайлам, Хадкевічам, Камароўскім, Кашыцам, пазней — Завішам.
У другой палове XIX стагоддзя Жалезніца была набыта Вольскімі. У пачатку XX стагоддзя маёнтак па невядомых прычынах быў здадзены ў арэнду Равінскаму. Сам Вольскі з сям’ёй з’ехаў у Польшчу.
Адсутнасць гаспадара стала прычынай заняпаду маёнтка, разбурэнні будоў. У 1911—1912 гадах землі маёнтка былі перададзены ў Мінскі банк, які пасля падзяліў іх на некалькі ўчасткаў, што здаваліся ў арэнду з выплатай у 55 гадоў. У час Першай сусветнай вайны праз Жалезніцу прайшла вузкакалейная чыгунка ад вёскі Міцкавічы.
== Архітэктура ==
Сядзібна-паркавы ансамбль у Жалезніцы знаходзіцца на берагах ракі Мышанкі і складаецца з трох адасобленых частак.
Аснову ансамбля складае сядзіба, размешчаная на левым беразе Мышанкі, на поўдзень ад аўтадарогі Пастарынне — Катмінаўцы. У цэнтры сядзібы размяшчаўся сядзібны дом (не захаваўся). На месцы сядзібы ў пасляваенны час існавала школа (закрыта). З колішніх збудаванняў сядзібы засталіся рэшткі дваровай сыраварні канца XIX стагоддзя.
Сядзібу атачалі пасадкі дрэў і кустоў. У наш час дрэвава-хмызняковая расліннасць прадстаўлена спірэяй вербалістай, каштанам конскім звычайным (узрост у дрэў — 110—120 гадоў), лістоўніцай еўрапейскай.
Побач з дваром існаваў касцёл, пазней перабудаваны пад праваслаўную царкву, якая была знішчана ў час Другой сусветнай вайны.
На поўнач ад аўтадарогі размяшчаецца парк плошчай 7 га. У яго аснове — чатыры паляны, утвораныя таполяй белай (серабрыстай), ліпай буйналістай, клёнам чырвоным, клёнам вастралістым, клёнам ясенялістым, вярбой белай, вярбой ломкай. Цэнтральная паляна аформлена двума кустарнікавымі баскетамі спірэі.
На адной з палян выяўлены падмурак пабудовы, складзенай з бутавага каменю.
На правым беразе ракі Мышанкі, на ўзвышшы размяшчаюцца руіны капліцы-пахавальні ў стылі неакласіцызму. Вакол капліцы знаходзяцца невялікія могілкі (самае старое з захаваных пахаванняў датавана 1911 годам). Яе будынак квадратны ў плане, з элементамі класіцызму. Уваход вылучаны порцікам на чатырох масіўных калонах, які завершаны трохвугольным шчытком. Унутры капліцы існавала некалькі скляпоў, якія былі разрабаваны яшчэ ў сярэдзіне XX стагоддзя. Да капліца-пахавальні вядзе алея з белых таполяў.
== Зноскі ==
== Літаратура ==
Жалезніца // Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны Х — XX стагоддзяў (гісторыя, стан, перспектывы) / Л. М. Несцярчук. — Мн.: БЕЛТА, 2002. — С. 65. — 336 с. — ISBN 985-6302-37-4.
Зуев, В. Н. Усадебно-парковые ансамбли в Большой Своротве и Железнице Барановичского района как объекты природного и историко-культурного значения / В. Н. Зуев // Материалы Международной научно-практической конференции молодых исследователей, 16—17 дек. 2003 г. : в 2 ч. / редкол.: Л. Ф. Мирзаянова (гл. ред.) [и др.]. — Барановичи : БГВПК, 2003. — Ч. 2. — С. 124—128.