Кустынская сядзіба — колішняя сядзіба ў в. Кустын Брэсцкага раёна.
== Гісторыя ==
Сядзіба вядома з дакументаў XVI ст. паводле рэвізіі Берасцейскай эканоміі ў 1566 г. Маёнтак на той час належаў роду Крупіцкіх. У 1528 г. Скірвін Крупіцкі пабудаваў у мястэчку Велянова касцёл. З таго ж дакумента вядома, што наступны ўладальнік м. Кустынь Ян Станіслававіч Крупіцкі ў 1567 г. даў для берасцейскай харугвы 7 ратнікаў. У пачатку XVII ст. вёску набыў Геранім Лышчынскі, бацька Казіміра Лышчынскага, беларускага асветніка і філосафа-атэіста. Праз 100 гадоў у Кустынскім маёнтку гаспадарыў памешчык Хржаноўскі — фундатар і арганізатар будаўніцтва тут драўлянай праваслаўнай царквы (1739). У XIX — 1-й палове XX ст. гаспадарамі сядзібна-паркавага ансамбля былі Міхаіл Ігнатовіч і Зянон Ізбіцкі, а апошнімі ўладальнікамі Кустыні былі Бабінскія і Ігнацейкі.
Да Другой сусветнай вайны ў Кустыні існавалі палац і парк. Ансамбль меў эклектычныя рысы, характэрныя для шэрагу сядзіб таго часу.
У сучасны момант на месцы палацава-паркавага ансамбля размешчана жывёлагадоўчая ферма. Парк захаваўся ў выглядзе асобнага фрагмента, які пасля добраўпарадкавання мае перспектыву аднаўлення і выкарыстання.
== Зноскі ==
== Літаратура ==
Кустынь // Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны Х — XX стагоддзяў (гісторыя, стан, перспектывы) / Л. М. Несцярчук. — Мн.: БЕЛТА, 2002. — С. 48—49. — 336 с. — ISBN 985-6302-37-4.