
Спаса-Праабражэнская (Спаская) царква — царква, якая знаходзілася да 1812 года на Востра-Спаскай гары, пазней перанесена на Спаскую вуліцу. Разбурана ў 1950-я гады.
Гісторыя
Першапачатковы храм адносіцца да XV-XVI стагоддзя. Упершыню ўзгадваецца ў Віцебскім інвентары 1552 года:
Церковъ Светого Спаса, да той царквы надал мещанинъ Віцебскі Федоръ Якаўлевіч зямельку якую попъ тое царквы з долі пахати даць
Прынамсі да 1619 года царква заставалася праваслаўнай, пазней стала ўніяцкай.
Драўляная Спаская царква на каменным падмурку была пабудавана ў 1750 годзе і адзначана на Плане Віцебска 1772-74 гадоў (№17 у эксплікацыі плана). Яна знаходзілася ў раёне сучаснага сквера герояў Айчыннай вайны 1812 года. З інвентару 1785 года, відаць, што царква была сярэдняй велічыні, мела 5 купалоў з жалезнымі крыжамі, і крыта гонтам. Згарэла ў канцы XVIII стагоддзя. Ацалела толькі каменная званіца.
У 1810 г.на месцы згарэлай царквы было пачата будаўніцтва каменнага храма. Да 1812 годзе будынак быў даведзены да карнізаў, калі будучы храм быў разбураны па загадзе Напалеона I, які вырашыў зладзіць пляц для пабудоў перад палацам губернатара, у якім ён тады жыў.
У 1813-1819 г.з цэглы разбуранай царквы пабудавана новая царква, але не на ранейшым падмурку, а далей па Спаскай вуліцы (сучасная вуліца Путна). Як пісаў А.М. Семянтоўскі, “пасярод Спаскай вуліцы, насупраць Старога агароджанага трывалай, у каменных слупах, кратамі габрэйскіх могілак”. Пры царкве была багадзельня, дзе знаходзілі сабе прытулак жабракі, праз чвэрць стагоддзя на яе месцы ўзвялі мураваную званіцу.
Царква перабудоўвалася ў 1847 і 1855 гг., асвечана ў 1863 годзе. Была пабудавана ў стылі класіцызму. Храм меў крыжападобную ў плане форму, алтар быў на ўсходнім баку, уваход на заходнім. Дах вянчаў купал з галоўкай. У інтэр’еры прысутнічалі рысы барока.
22 сакавіка 1920 года будынак царквы быў уключаны ў «спіс будынкаў горада Віцебска, якія падлягаюць ахове» (гл.Губернская Камісія па ахове помнікаў даўніны і прадметаў мастацтва).
Разбурана 1950-х гадах. Захаваўся толькі падмурак храма. Ён знаходзіцца на тэрыторыі школы № 10.