Касцёл Святога Уладзіслава — помнік архітэктуры неаготыкі ў аграгарадку Суботнікі Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці Беларусі. Касцёл з вонкавай чырвонай цэглы ўзведзены ў цэнтры вёскі ў пачатку XX стагоддзя. Дзейнічае.
Гісторыя
Парафіяльны касцёл (з XVI стагоддзя ў складзе Радунскага дэканата) быў зафундаваны тут Войцехам Манівідам, віленскім ваяводам, яшчэ ў 1423 годзе. Новая драўляная святыня была пабудавана па фундацыі караля Жыгімонта I Старога 24 лістапада 1545, аднак у часы кальвінізму драўляны касцёл стаяў спустошаны, не маючы ўласнага пробашча. У 1573 годзе князь Альбрэхт Радзівіл, першы ардынат клецкі, калі навярнуўся з кальвінізму ў каталіцызм, аднавіў касцёл у Суботніках і надзяліў святыню вялікім капіталам. Але і гэтая святыня не захавалася.
У 1755 годзе апошняя драўляная святыня ў Суботніках была пабудавана на сродкі Юрыя Абрамовіча, тагачаснага ўладальніка мястэчка, і яго жонкі Марыі. Касцёл быў асвечаны пад тытулам св. Юрыя. Гэта быў храм з сасны на каменным падмурку падоўжанай формы. Галоўны фасад у выглядзе трохвугольнага франтона на дзвюх магутных калонах фланкавалі дзве трох’ярусныя чацверыковыя вежы. Касцёл быў накрыты двухсхільным гонтавым дахам, завершаным над алтаром стромкай барокавай сігнатуркай. У 1809 па фундацыі Ганны Умястоўскай да прэсбітэрыя справа была дабудавана мураваная капліца памерамі каля 5х4 м, у склепе якой быў пахаваны маршалак Якуб Умястоўскі, муж фундатаркі, а потым і іншыя прадстаўнікі роду. Побач з касцёлам стаяла таксама драўляная двух’ярусная вежа-званіца. На парафіяльных могілках знаходзіліся 4 драўляныя каплічкі. Пры парафіі дзейнічала школа.
Касцёл Святога Уладзіслава
Чарговы ўладальнік мястэчка граф Уладзіслаў Умястоўскі з жонкай Янінай вырашылі пабудаваць тут ужо каменны касцёл. Падмурак заклалі ў 1900, а ў 1904 святыня ў неагатычным стылі ўзнеслася над наваколлем. Новазбудаваны касцёл быў кансэкраваны 1 чэрвеня 1928 года віленскім арцыбіскупам Рамуальдам Ялбжыкоўскім пад тытулам св. Уладзіслава, караля Венгерскага.
Да суботніцкай парафіі, якая налічвала пад канец 1930-х гады каля 7000 вернікаў, у розныя часы належалі капліцы ў Даўгялаўшчыне, Жамыслаўі, Квяткоўцах і на суботніцкіх могілках. Апошняя пабудавана ў 1842 годзе, уяўляла сабой драўляную святыню памерамі каля 9,6 х 6,5 м, крытую гонтай і завершаную маленькай сігнатуркай. Алтар у капліцы быў двух’ярусны: у цэнтры размяшчалася Укрыжаванне, наверсе — абраз святога Антонія. Капліца знікла пасля Другой Сусветнай вайны.
У Другую сусветную вайну касцёл быў часткова разбураны. У 1947 годзе адноўлены, накрыты чарапіцай, у 1972 годзе перакрыты бляхай. Дзейнічаў у час савецкай улады, быў залічаны да помнікаў архітэктуры.
Архітэктура
Прамавугольны ў плане аб’ём накрыты 2-схільным дахам, 5-гранная апсіда — вальмавым, сіметрычныя сакрысціі — 2-схільнымі дахамі. Масіўная 3-ярусная вежа на галоўным фасадзе завершана высокім шатром. Сцены рытмічна расчлянёны ступеньчатымі контрфорсамі.ю аконныя праёмы маюць стральчатыя і арачныя завяршэнні. Па баках вежы — невялікія гранёныя аб’ёмы.
Тэрыторыя касцёла ў 1897 годзе на сродкі парафіян была абнесена бутавай агароджай, галоўны ўваход пазначаны брамай у выглядзе чатырох неагатычных слупоў-пінакляў. У агароджу ўбудаваны пяць невялікіх каплічак Крыжовага шляху.
Інтэр’ер
Інтэр’ер касцёла, падзелены калонамі на тры нефы, перакрыты крыжастымі спічастымі скляпеннямі на падпружных арках. У касцёле тры алтары: галоўны (тытульны) — св. Уладзіслава (калісьці было 54 воты), левы бакавы — Маці Божай Ружанцовай з абразом Маці Божай у другім ярусе, правы — святога Юрыя. Над уваходам зроблены хоры, дзе ўсталяваны арган яшчэ са старога касцёла.
Пад касцёлам знаходзіца крыпта з родавай пахавальняй Умястоўскіх і Дунін-Раецкіх, куды перанеслі ўсе пахаванні з папярэдняга касцёла. Тут усталяваны жалобны алтар, скляпенні багата дэкараваны паліхромнымі мазаікамі ў стылі мадэрн, сцены аздоблены скандынаўскім гранітам, над уваходам размешчаны надпіс на лацінскай мове: «FRANGAS NON ELECTA».
Літаратура
- Габрусь Т. В. Субо́тніцкі касцёл свято́га Уладзісла́ва // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 241. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 15. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0251-2 (Т. 15).
Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд.. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с. — ISBN 978-985-11-0395-5.