Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Сядзіба_Талочкаў_(Яцкавічы)

Сядзіба Талочкаў — колішняя сядзіба ў в. Яцкавічы Брэсцкага раёна.

== Гісторыя ==
У канцы XVIII ст. Яцкавічы належалі роду Жылкаў, у пачатку XIX ст. маёнтак перайшоў да Мацея Зданьскага. Пасля яго смерці ўдава Брыгіта Зданьская ў 1820 г. стварыла побач яшчэ адзін фальварак з назвай Зданьшчына.
Апошнім гаспадаром сядзібы да Другой сусветнай вайны быў Кароль Талочка.
Сядзібны дом пасля вайны выкарыстоўваўся пад кантору мясцовага калгаса. У пачатку 1990-х гадоў палац стаў безгаспадарным і, у рэшце рэшт, быў разбураны.

== Архітэктура ==
Палац быў у плане прамавугольны, драўляны, аднапавярховы будынак з невялікім ганкам ад параднага пад’езда. Акрамя палаца ў ансамбль уваходзілі парк, сажалка, гаспадарчыя пабудовы. Раней парк займаў плошчу больш за 4 га, зараз — менш за гектар. Паводле апісання А. Т. Федарука, парк быў размешчаны вакол палаца ўздоўж кампазіцыйнай лініі, выцягнутай у напрамку з поўначы на поўдзень. Колішняя ўязная алея кароткая. Цэнтральная частка парку перад будынкам палаца была аформлена ў выглядзе круга і дэкарыравана па перыметры дрэвамі конскага каштана звычайнага і лістоўніцы еўрапейскай.
З паўночнага боку парк абмежаваны пасадкай ліпы. Тут раслі паркавыя ружы, бэз, язмін і кветкавыя травяністыя расліны. З трох бакоў парк абкружаюць сады, разбітыя на баскеты. Прагулачны маршрут аб’ядноўваў парадную частку з садам і сажалкай у паўночна-ўсходняй частцы ансамбля. З паўднёвага боку размешчана гаспадарчая зона. У парку растуць 5 старых дрэў рэдкай на Беларусі гібрыднай формы ліпы сэрцападобнай. Засталося таксама 6 дрэў лістоўніцы еўрапейскай.

== Літаратура ==
Яцкавічы // Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны Х — XX стагоддзяў (гісторыя, стан, перспектывы) / Л. М. Несцярчук. — Мн.: БЕЛТА, 2002. — 336 с. — ISBN 985-6302-37-4.

Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Сядзіба_Талочкаў_(Яцкавічы)
Асаблівасці
Водгукі
Тут яшчэ няма водгукаў.
Пакіньце водгук
Трэба каб пакінуць водгук.
Злучанныя аб'екты