Альба — паркавы комплекс на паўднёвай ускраіне горада Нясвіжа. Асваенне Альбы як загараднай рэзідэнцыі Радзівілы пачалі ў канцы XVI ст. Згодна з «Альбомам Бернардоні», у XVI ст. ў Альбе быў пабудаваны дом Радзівіла, ваяводы троцкага. Гэта быў сціплы драўляны, прамавугольны ў плане будынак, відаць, двухпавярховы або з мансардным дахам.
Маленькі летні палац будаваўся па праекце архітэктара Казіміра Ждановіча.
«Эрмітаж» Сіроткі быў пабудаваны ў дзве лініі і ўключаў гардэробную, сталовую, кухню, капліцу з фаянсавымі алтарамі, статуямі святых з слановай косці. На адным франтоне была драўляная статуя Св. Мікалая, на другім — Св. Крыштофа. Інтэр’еры былі цёмных колераў, упрыгожаны мармуровымі камінамі, над якімі былі эмблемы: крыж, чаша, чэрап і г.д. Да сярэдзіны XIX ст. «Эрмітаж» быў практычна страчаны.
Паводле інвентара 1636 г., фальварак уключаў таксама жылы дом з пакоямі, якія абаграваліся кафлянымі зялёнымі печкамі і камінамі, флігель-кухню, бровар, пякарню, сырнік. Шматлікія гаспадарчыя будынкі ўтваралі вялікі гаспадарчы двор. Альба мела рысы рэнесансных сядзіб. Несумненна, стваралася пад уплывам ідэй італьянскага Рэнесансу.
Значныя страты сядзібе нанеслі ваенныя падзеі сярэдзіны XVII ст. З 1758 г. у Альбе фарміруецца вялікі паркавы ансамбль. У парку ўжо былі галандская ферма, новы аднапавярховы палац, фазанарый, псарня, тры звярынцы, абнесеныя высокай драўлянай агароджай, вадаёмы. У сярэдзіне XVIII ст. былі пабудаваны «Эрмітаж» (цагляны будынак
на месцы старога драўлянага) і двухпавярховы мураваны палац. Ансамбль уключаў некалькі «італьянскіх» паркаў у стылі французскага класіцызму.
Галандская ферма знаходзілася пры ўездзе ў Альбу, злева ад цэнтральнай ліпавай алеі. На ферме стаяў двухпавярховы дом. На верхнім паверсе, зробленым з «прускага муру», размяшчаліся апартаменты князя з пяці пакояў і вялікай залы, сцены якіх упрыгожвалі палатняныя шпалеры.
Недалёка ад фермы сярод ляснога масіву быў уладкаваны своеасаблівы звярынец, кампазіцыйным цэнтрам якога была альтанка — купальная ратонда, ад якой радыяльна разыходзіліся восем алей. Замыкаліся яны філярамі (слупамі) са скульптурнымі выявамі звяроў. Кіраваў работамі архітэктар Ян Хіль.
Асноўным матывам кампазіцыі парку была сістэма прамянёвых алей з відамі на люстры вялікіх вадаёмаў. Алеі разыходзіліся як промні сонца.
У 1778 г. прыдворны архітэктар Караля Станіслава Радзівіла Лявон Лутніцкі з удзелам італьянскіх дойлідаў Карлы Спампані і Маўрыцыа Педэці, а таксама Лявона Аутніцкага, пачаў грандыёзныя работы па рэканструкцыі Альбы, а ў 1784 г. новая Альба ўжо прымала караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Была створана водная сістэма з васьмі каналаў і круглага вострава на месцы былога звярынца, ідылічная вёска з 180 хатак, накрытых саломай (правобразам служылі «вёскі» французскай каралевы Марыі Антуанеты ў Рамбуе і Версалі), сфарміраваны паркі.
Вёска была абкружа пейзажна-рэгулярным паркам з геаметрычнай сеткай алей, стрыжаных шпалер, раскрытых ландшафтаў. Парк налічваў шэраг альтанак-мілавідаў, аранжарэю, цяпліцу і нават персіярню — фабрыку па вытворчасці персідскіх паясоў. На аснове ракі Ушы была сфарміравана складаная сістэма сажалак і і каналаў з белакаменнымі набярэжнымі, шлюзамі, плацінамі, млынамі. Уздоўж каналаў было пабудавана 180 аднатыпных драўляных, крытых саломай «хатак» — імітацыя сялянскіх сядзіб з усім наборам надворных пабудоў. Кожная «хатка» з’яўлялася гасцініцай, два з чатырох пакояў прызначаліся для гасцей. На падвор’і знаходзіліся вазоўня-карэтная, стайня, хлеў, цялятнік, лазня, альтанка. Усе «гаспадаркі» былі абнесены драўляным плотам з брамай, дэкарыраванай выявай звера ці птушкі. Насупраць кожнай сядзібы ставілася галубятня на слупе і вальер для экзатычных птушак, з тылу сядзібы размяшчаліся агароды. Вялізны дом у цэнтры ансамбля займаў сам Пане Каханку. 3 гармат, якія размяшчаліся на яго двары, салютавалі ў дні святкаванняў. Сярод забудовы вёскі насупраць дома войта ўзносіўся драўляны Троіцкі касцёл-пахавальня з медным дахам і трыма пазалочанымі купаламі. Цэнтрам кампазіцыі стала драўляная трох’ярусная альтанка (архітэктар Л. Лутніцкі) на круглым востраве, якая нагадвала храм Святой Сафіі ў Стамбуле, хоць была пабудавана ў эклектычных формах. Да гэтага збудавання сыходзіліся ў выглядзе промняў і вуліцы вёскі.
Па вадаёмах і каналах парку манеўрыравала своеасаблівая партатыўная флатылія, якую абслугоўвалі курсанты мясцовай мараходнай школы. 3 іх удзелам праводзіліся імправізаваныя ваенныя баталіі і марскія баі, якія суправаджаліся эфектнымі выбухамі.
У Альбе размяшчаліся таксама аранжарэі, пчальнік, чатыры двухпавя