Замкавы парк, або парк Антонія — парк у Нясвіжы, частка палацава-паркавага комплексу Радзівілаў.
Уваход на тэрыторыю паркавага ансамбля пачынаецца каля старадаўніх варот, упрыгожаных гербам роду Радзівілаў «Трубы». На ім намаляваны: знак улады — арол, на грудзях якога размяшчаецца шчыт з трыма паляўнічымі ражкамі і манаграма Антонія Вільгельма Радзівіла. За варотамі адкрываецца від на Замкавую алею — дамбу даўжынёй 450 м, абсаджаную векавымі дрэвамі. Сярод насаджэнняў, якія яе атачаюць, пераважаюць клён вастралісты і вярба плакучая, сустракаецца і серабрыстая, якая выгадна вылучаецца на зялёным фоне іншых пасадак.
Земляная дамба, з’явілася ў 1870—1875. Да гэтага часу замак злучаўся з горадам доўгім разборным драўляным мостам, які добра бачны на гравюры Т. Макоўскага. Мост меў абароннае значэнне, але, згубіўшы гэту функцыю, быў заменены дамбай. Сама алея з’яўляецца ўжо часткай парку Антонія, названага так у гонар Антонія Вільгельма Радзівіла.
Азеляненне замкавай тэрыторыі пачалося ў пачатку 19 ст. На плане Нясвіжа 1810 бачна, што аб’язная дарога, што праходзіла па знешняй броўцы рова ў трох месцах абсаджана дрэвамі з двух бакоў, у чацвёртым (паўночна-ўсходнім) — з аднаго. Як адзначаў У. Сыракомля, у 1830-х гадах на адкосах рова раслі дзікія хмызнякі і зрэдку разложыстыя грушы, а ў цэнтры параднага двара знаходзілася група бяроз і асін. На гравюры Г. Гумінскага, зробленай пазней, відаць, што дрэвы ў двары замка былі заменены кветкавай клумбай дыяметрам 15—16 м, а каля пад’езда да першага крыла пасаджаны дэкаратыўныя кусты.
Цяпер парк Антонія ўключае пад’язную дамбу і тэрыторыю, якая непасрэдна прымыкае да замка. Характар пейзажу амаль не мяняецца да моста, перакінутага цераз роў да вежавых варот замка. У парку ў 1961 быў разбіты невялікі скверык і