Сённяшні парк культуры і адпачынку пачалі будаваць у другой палове 20 стагоддзя. Жыхароў прыватнага сектара перасялілі ў шматкватэрныя дамы, а дрэвы пакінулі, і дадалі да іх яшчэ 30 сартоў дрэваў, таму тут можна пабачыць і грэцкі арэх, і каштаны, і бярозы з ліпамі. Адкрыццё адбылося ў 1966 годзе.
Да 1876 года на гэтым месцы размяшчаліся габрэйскія могілкі. Яны былі перанесеныя дзеля забудовы жылога сектара, але мацэвы (каменныя надмагіллі) мясцовыя краязнаўцы знаходзілі тут яшчэ год пяць таму, і перадавалі іх равіну.
Адметнасць парка – возера за кінатэатрам “Мір”. Яго называюць “Копанка” – так у Беларусі завуць любое штучнае азярцо (а яшчэ сажалка, ставок). Гэта – адзін з двух кар’ераў, разам з Шаманкай, што належалі цагельнай фабрыцы братоў Зэлмана і Галі Пружыніных. Акурат гэтая фабрыка і суседнічала з могілкамі. Бабруйцы прыгадваюць, што яшчэ ў 70-80 мясцовыя дзеці тут купаліся, але цяпер возера непрыдатнае для водных працэдур, хоць качкі тут жывуць і часам можна заўважыць рыбакоў.