Скверы на плошчы Перамогі — зялёныя зоны партэрнага тыпу па абодва бакі і значна ніжэй узроўню пр. Незалежнасці каля пл. Перамогі паміж вул. Захарава, Камуністычнай і Фрунзэ, з кожнага боку абмежавана жылымі дамамі 1950—1956 гг. пабудовы. З боку Свіслачы абмежаваны Домам-музеем I з’езда РСДРП (будынак адноўлены ў 1948, арх. І. Валадзько) і манументальнымі варотамі — уваходам у Цэнтральны дзіцячы парк. Гісторыка-культурная каштоўнасць рэспубліканскага значэння.
== Гісторыя ==
Круглая плошча пачала фарміравацца ў канцы 1930-х гг. як важная транспартная развязка. У 1950-я гг., у сувязі з размяшчэннем тут манумента Перамогі, у інстытуце «Белдзяржпраект» быў распрацаваны праект добраўпарадкавання зялёнай зоны плошчы, аўтарам якога з’яўляўся архітэктар М. Баршч.
У 1984 г., у сувязі з будаўніцтвам Мінскага метрапалітэна, плошча была перапланавана архітэктарамі Б. Ларчанкам, Б. Школьнікавым, К. Вязгіным і стала авальнай. Паменшаны памер зялёнай зоны плошчы быў і часткова зменена яе першапачатковае вырашэнне.
У наш час скверы вакол плошчы алеямі падзелены на чатырохвугольныя добраўпарадкаваныя ўчасткі. Адзін бок бліжэйшага да плошчы ўчастка паўтарае крывізну тратуара і праезнай часткі. Уздоўж дарожак у спецыяльна прадугледжаных месцах пастаўлены лаўкі. У дэкаратыўным афармленні сквераў выкарыстаны лісцевыя і хвойныя дрэвы, групы кустоўя.
== Зноскі ==
== Літаратура ==
Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.