Палац Бутрымовічаў — помнік архітэктуры позняга барока ў Пінску.
== Гісторыя ==
Пабудаваны ў 1784—1790 гадах архітэктарам К. Шыльдхаўзам для пінскага старосты Мацея Бутрымовіча на высокім левым беразе ракі Піна, да якой павернуты дваровым фасадам. У XIX і пачатку XX ст. сярод мясцовага насельніцтва меў за свой мураваны «матэрыял» размоўную назву «Мур».
Пазней у будынку змяшчаўся Палац піянераў і школьнікаў. Адрэстаўраваны ў 2007—2009 гадах. Выкарыстоўваецца як «Палац шлюбу». Помнік рэспубліканскага значэння.
== Архітэктура ==
Мураваны П-падобны ў плане будынак з развітым цокальным паверхам, трактаваны з выкарыстаннем элементаў рустоўкі, выглядае лёгкім і гарманічным па прапорцыях. Аднапавярховую сярэднюю частку будынку займаюць парадныя памяшканні з авальнай залай у цэнтры, якая ўтварае эркер з балконам на галоўным фасадзе. Планіроўка анфіладная. Бакавыя крылы вырашаныя ў двух узроўнях і маюць невялікія жылыя памяшканні ўздоўж калідораў.
Знадворны дэкор мае рысы ранняга класіцызму. Фасады аздобленыя плоскімі і руставанымі лапаткамі, сандрыкамі, фрыз антаблементу — трыгліфамі і метопамі. Эркер, выкружаныя вуглы і тарцы бакавых крылаў аздобленыя калонамі і паўкалонамі дарычнага ордара. Яны крыху рассунуты ў бакі, што дазваляе акцэнтаваць увагу на ўваходзе і паўкруглым акне над ім.
== Зноскі ==
== Літаратура ==
Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
Zbigniew Hauser, Nowy ilustrowany przewodnik po zabytkach kultury na Białorusi, Warszawa 2005, ISBN 83-87654-25-6
Grzegorz Rąkowski, Polesia czar, Oficyna Wydawnicza «Rewasz», Pruszków 2001, ISBN 83-85557-92-X