Палаца-паркавы ансабль — існаваў у XIX — першай палове XX стагоддзя ў былым маёнтку Обрын (цяпер пасёлак Першамайскі) Карэліцкага раёна.
== Гісторыя ==
Пабудаваны ў 1837 годзе на беразе р. Обрынка. Належаў роду Обрынскіх, потым — Кашчыцаў.
У палацы была вядомая калекцыя фарфору, творы выяўленчага мастацтва, архіў.
== Архітэктура ==
Меў рысы позняга класіцызму і несапраўднай готыкі. Складаўся з трохпавярховых мураваных будынкаў — асноўнага аб’ёму і двух флігеляў, злучаных крытымі пераходамі і завершаных складанымі ламанымі дахамі. Цэнтральны рызаліт асноўнага аб’ёму, вылучаны на галоўным фасадзе аркаднымі лоджыямі, завяршаўся мезанінам у выглядзе атыка з трохвугольным франтонам. Сцены расчлянёныя прамавугольнымі і арачнымі аконнымі праёмамі, аздобленымі прафіляванымі ліштвамі і завершанымі франтончыкамі. Адзін флігель меў у завяршэнні вежачку з шатровым пакрыццём, другі — разнастайны псеўдагатычны дэкор (парэбрыкі, аркатура, разеткі, абрамленні ў выглядзе спічастых арак і какошнікаў, круглыя вокны-люнеты і інш.).
Апроч палацу, у маёнтку меліся млыны, рэзідэнцыя з муру, фруктовыя сады.
== Літаратура ==
Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.